Айцоўства святога Пятра
Тэкст: Андрэа Тарніелі / Пераклад і адаптацыя: Марыя Валодзіна - Vatican News
У напружаныя гадзіны, якія папярэднічаюць пачатку канклава, пакліканага абраць наступніка апостала Пятра, варта ўзгадаць фундаментальны аспект служэння Біскупа Рыма, які асабліва цэніцца Божым народам: айцоўства. Мільёны людзей, пачуўшы нечаканае паведамленне пра смерць Папы Францішка, адчулі сябе асірацелымі.
Пра досвед айцоўства Павел VI разважаў у гутарцы з сябрам, філосафам Жанам Гітонам, па вяртанні з падарожжа ў Індыю ў снежні 1964 года. Пантыфіка віталі там на вуліцах больш за мільён чалавек, якія належалі да розных рэлігій. Незабыўны досвед. Натоўп запаўняў вуліцы, акружыўшы “Лінкальн” з адкідным дахам, які Павел VI пазней пакінуў у падарунак Маці Тэрэзе з Калькуты. Цягам дзвюх гадзін Папа бесперапынна вітаў і благаслаўляў людзей.
Узгадваючы тую сустрэчу, Павел VI прызнаўся Гітону: “Я лічу, што з усіх вартасцяў Папы найбольш зайздроснай з'яўляецца бацькоўства. Мне даводзілася суправаджаць Пія XII падчас урачыстых цырымоній. Ён кідаўся ў натоўп, як у купальню Бетэзда. Яны прыціскаліся да яго, рвалі яго адзенне. А ён ззяў. Ён аднаўляў сілы. Але існуе вялікая розніца паміж тым, каб быць сведкам айцоўства і самому быць айцом. Айцоўства – гэта пачуццё, якое напаўняе душу і сэрца, якое суправаджае нас у кожную гадзіну дня, якое не можа змяншацца, а толькі ўзмацняецца, бо павялічваецца колькасць дзяцей”.
Павел VI дадаў: "Гэта не столькі функцыя, колькі айцоўства. І нельга перастаць быць айцом... Я адчуваю сябе айцом усяго чалавецтва... І гэтае пачуццё ў свядомасці Папы заўсёды новае, заўсёды свежае, заўсёды ў стане нараджэння, заўсёды свабоднае і творчае. Гэта пачуццё, якое не стамляе, не знясільвае, якое здымае ўсякую стомленасць. Ніколі, ні на імгненне, я не адчуваў стомленасці, калі падымаў руку для благаслаўлення. Не, я ніколі не стамлюся благаслаўляць ці дараваць. Калі я прыбыў у Бамбей, мне трэба было праехаць дваццаць кіламетраў, каб дабрацца да месца правядзення кангрэса. Велізарныя натоўпы, бязмежныя, шчыльныя, маўклівыя, нерухомыя, стаялі ўздоўж дарогі – духоўныя натоўпы, бедныя натоўпы, тыя нецярплівыя, паўапранутыя, уважлівыя натоўпы, якія можна ўбачыць толькі ў Індыі. Мне давялося працягваць благаслаўленне. Сябар-святар, які быў побач са мной, думаю, у рэшце рэшт, падтрымліваў маю руку, як слуга Майсея. І ўсё ж я не адчуваю сябе вышэй за ўсіх, але братам, ніжэйшым за ўсіх, таму што на мне ляжыць цяжар усіх”.
Такім чынам, наступнік Пятра – гэта брат, "ніжэйшы за ўсіх", бо ён нясе цяжар усіх. За некалькі месяцаў да гэтай падзеі ў Індыі Павел VI ужо адчуў, што значыць быць літаральна "паглынутым" абдымкамі народа. Гэта адбылося ў студзені 1964 года, падчас яго першага апостальскага падарожжа ў Святую Зямлю. У Іерусаліме, каля Дамаскай брамы, натоўп быў такі шматлікі, што перашкаджаў правядзенню цырымоніі прывітання па запланаванай праграме. Аўтамабіль Папы хістаўся як лодка, і ён, з цяжкасцю выйшаўшы з яго пад аховай гвардыі караля Хусэйна, з вялікай цяжкасцю прайшоў праз Дамаскую браму без суправаджэння. Павел VI прайшоў увесь Шлях Мукі Пана, шчыльна акружаны натоўпам людзей, сціснутых да неверагоднасці на старажытных завулках Святога Горада. Часам здавалася, што натоўп вось-вось паглыне яго. Яго твар заставаўся спакойным і ўсмешлівым, а рукі былі паднятыя ў благаслаўленні.
У той вечар айцец Джуліа Бевілаква, асабісты сябар Пантыфіка, распавёў групе журналістаў, якія сабраліся ля будынка Апостальскай дэлегацыі ў Іерусаліме, што шмат гадоў таму Джавані Батыста Манціні прызнаўся яму: “Я мару пра Папу, які жыў бы без прыдворнай пышнасці і пратакольных абмежаванняў. Нарэшце адзін, сярод сваіх дыяканаў.” “Вось чаму, - заключыў айцец Бевілаква, - я перакананы, што сёння, хоць і паглынуты натоўпам, ён больш шчаслівы, чым калі ён спускаўся ў Сабор Святога Пятра на троне (sedia gestatoria)...”