MAP

Папа: пераадоленне пакут разам робіць нас больш чалавечнымі

Моманты пакут могуць стаць нагодай, каб узрастаць разам, умацоўваючы надзею праз любоў, якую Бог першы ўліў у нашы сэрцы, - нагадаў Папа удзельнікам Юбілею хворых і свету аховы здароўя.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

6 красавіка 2025 года на Плошчы Святога Пятра ў Ватыкане прайшла святая Імша з удзелам хворых, урачоў і медыцынскіх работнікаў, якую ўзначаліў арцыбіскуп Рына Фізікела, прапрэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі. Папа прыбыў на ватыканскую плошчу напрыканцы літургіі, коратка прывітаўшы прысутных, благаславіўшы іх і выказаўшы падзяку. “Добрай нядзелі ўсім. Шчыра дзякую”, - сказаў ён.

Арцыбіскуп Фізікела зачытаў тэкст папскай гаміліі. У ёй Пантыфік нагадаў словы Бога, якія прарок Ісая скіраваў да ізраэльскага народа ў часы вавілонскага выгнання: “Вось Я ўчыню новае, і цяпер з’явіцца яно; ці ж не ведаеце пра гэта?” (Іс 43,19). Святы Айцец заўважыў, што гэтыя словы прагучалі ў момант, калі зняволенаму народу Ізраэля ўсё здавалася страчаным. Але на самой справе, менавіта ў гэты цяжкі час ён станавіўся новым народам – народам, які вучыўся сустракаць Пана праз навяртанне сэрца, павагу да права і справядлівасці, клопат пра бедных і патрабуючых, а таксама ва ўчынках міласэрнасці.

Падобнае пасланне змяшчаецца ў евангельскім урыўку пра грэшніцу, асуджаную на смерць. “Таксама і для яе, здавалася, не засталося надзеі. Але Бог не пакідае. Больш за тое – менавіта тады, калі яе каты ўжо сціскалі камяні ў руках, Езус увайшоў у яе жыццё, абараніў і выратаваў яе ад гвалту, даўшы ёй магчымасць пачаць жыццё нанова”, - нагадаў Папа.


“Гэтымі драматычнымі і ўзрушальнымі апавяданнямі літургія сёння запрашае нас абнавіць на велікапосным шляху давер да Бога, Які заўсёды набліжаецца, каб збавіць нас. Няма такога выгнання, гвалту, граху або іншага жыццёвага выпрабавання, якое магло б перашкодзіць Яму стаяць ля нашых дзвярэй і грукаць – гатовага ўвайсці, як толькі мы Яму гэта дазволім. Больш за тое, калі выпрабаванні становяцца цяжэйшымі, Яго ласка і любоў яшчэ мацней ахопліваюць нас, каб выратаваць”, - напісаў Францішак.

Пантыфік заўважыў, што гэтыя біблійныя тэксты можна аднесці і да выпрабавання хваробай – аднаго з самых складаных у жыцці, калі асабліва востра адчуваецца наша ўразлівасць. Хвароба можа прымусіць нас адчуць сябе як народ у выгнанні ці як жанчына з Евангелля: пазбаўленымі надзеі на будучыню.

“Але гэта не так. Нават у гэтыя моманты Бог не пакідае нас саміх”, - падкрэсліў Папа, звярнуўшы ўвагу на важнасць даверу да Бога, які пажадаў раздзяліць з намі нашу слабасць і добра ведае, што такое пакуты. “Таму мы можам расказаць і даверыць Яму наш боль з упэўненасцю, што знойдзем спагаду, блізкасць і пяшчоту”, - запэўніў Святы Айцец, дадаўшы, што Бог хоча, каб і мы станавіліся адно для аднаго “анёламі” і вестнікамі Яго прысутнасці.


Звяртаючыся да ўрачоў і медыцынскіх работнікаў, Францішак заклікаў іх глядзець на хворых як на дар, здольны аздаравіць сэрца, ачысціўшы яго ад усяго, што не з’яўляецца любоўю, і распаліць у ім полымя спагады – палаючае і лагоднае.

“З вамі, дарагія хворыя браты і сёстры, у гэты момант майго жыцця я падзяляю многае: досвед немачы, усведамленне ўласнай слабасці, залежнасць ад іншых, патрэбу ў падтрымцы. Гэта не заўсёды лёгка, але гэта школа, у якой мы кожны дзень вучымся любіць і дазваляць сябе любіць – без прэтэнзій і адкідання, без наракання і роспачы, з удзячнасцю Богу і братам за дабро, якое атрымліваем, і з даверам да таго, што яшчэ наперадзе. Шпітальная палата і ложак хворага могуць стаць месцам, дзе чуваць голас Пана, які кажа і нам: “Вось Я ўчыню новае, і цяпер з’явіцца яно; ці ж не ведаеце пра гэта?”. Так можа абнаўляцца і ўмацоўвацца вера”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Пантыфік працытаваў словы Бэнэдыкта XVI, “які даў нам цудоўнае сведчанне супакою ў час сваёй хваробы,” пра тое, што “мера чалавечнасці вызначаецца стаўленнем да цярпення і церпячага” і што “грамадства, няздольнае прыняць церпячых (...) – гэта жорсткае і бесчалавечнае грамадства.” “Гэта праўда: супольнае пераадоленне пакут робіць нас больш чалавечнымі, а падзяленне болю – важны этап кожнага шляху да святасці”, - дадаў Францішак.

У завяршэнні гаміліі Папа заклікаў не аддаляць уразлівых людзей з нашага жыцця, як гэта часта адбываецца сёння, але, наадварот, выкарыстоўваць моманты хваробы, каб узрастаць разам, узрошчваць надзею праз любоў, якую Бог першы ўліў у нашы сэрцы, і якая застанецца назаўсёды.
 

06 красавіка 2025, 11:28