MAP

Пантыфік: тэхналогіі не павінны замяняць чалавечыя адносіны

Выкарыстанне тэхналогій не павінна замяняць чалавечыя адносіны, - нагадаў Францішак у відэароліку Папскай сусветнай сеткі малітвы, у якім абвясціў і патлумачыў сваю малітоўную інтэнцыю на красавік 2025 года.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Як бы мне хацелася, каб мы менш глядзелі ў экраны і больш – у вочы адзін аднаму! Калі мы праводзім больш часу з мабільным тэлефонам, чым з людзьмі, значыць, нешта не так. Экран прымушае забыцца, што за ім знаходзяцца рэальныя людзі, якія дыхаюць, смяюцца, плачуць. Гэта праўда, што тэхналогіі – плён інтэлекту, якім надзяліў нас Бог, але карыстацца імі трэба правільна. Яны не могуць прыносіць карысць толькі некаторым, у той час як іншыя застаюцца ў баку”, - сказаў Папа.

“Што ж рабіць? – Выкарыстоўваць тэхналогіі, каб аб’ядноўваць, а не падзяляць; каб дапамагаць бедным; каб паляпшаць жыццё хворых і людзей з асаблівымі магчымасцямі. Трэба выкарыстоўваць тэхналогіі для клопату аб агульным доме. Каб сустракацца як браты і сёстры. Бо калі мы глядзім адно аднаму ў вочы, тады разумеем самае галоўнае: мы – браты і сёстры, дзеці аднаго Айца”, - падкрэсліў ён.

“Молімся, каб выкарыстанне новых тэхналогій не замяніла міжчалавечых адносінаў, адбывалася ў атмасферы пашаны да кожнага чалавека і дапамагала супрацьстаяць крызісам нашага часу”, - агучыў сваю малітоўную інтэнцыю на красавік 2025 года Святы Айцец.
 

01 красавіка 2025, 16:00