MAP

MAP Francis appears for the first time since his return to the Vatican

Пантыфік моліцца за хворых, ахвяр катаклізмаў і заклікае да міру

6 красавіка 2025 года Зала Друку Апостальскай Сталіцы апублікавала тэкст разважання, які Папа Францішак падрыхтаваў да нядзельнай малітвы “Анёл Панскі”. Святы Айцец не змог яго прамовіць асабіста з-за праблем са здароўем.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак спаслаўся на евангельскае апавяданне пра жанчыну, абвінавачаную ў чужалостве, якую фарысеі хацелі ўкаменаваць, і якой Езус вярнуў страчаную годнасць. “Яна ўпала ў пыл; Езус жа праводзіць пальцам па гэтым пыле і піша для яе новую гісторыю: Ён – “палец Божы”, які ратуе сваіх дзяцей і выбаўляе іх ад зла”, - падкрэсліў Пантыфік.

Святы Айцец прызнаўся, што падчас сваёй шпіталізацыі і далейшага лячэння ў Ватыкане ён адчувае “палец Божы” і Яго клапатлівую ласкаваць. “У дзень Юбілею хворых і свету аховы здароўя я прашу Пана, каб гэты дотык Яго любові дасягнуў пакутуючых і падтрымаў тых, хто пра іх клапоціцца. Я малюся за ўрачоў, медсясцёр і медыцынскіх работнікаў, якім не заўсёды даюць магчымасць працаваць у належных умовах, а часам яны нават становяцца ахвярамі агрэсіі. Іх місія нялёгкая і патрабуе падтрымкі і павагі. Я спадзяюся, што неабходныя рэсурсы будуць укладвацца ў сферу лячэння і даследаванняў, каб сістэма аховы здароўя была інклюзіўнай і ўважлівай да самых уразлівых і бедных”, - пажадаў Папа.

Францішак выказаў падзяку жанчынам з рымскай турмы “Рэбібія” за паштоўку, якую яны даслалі яму, запэўніўшы ў малітве за іх і іх сем’і.

Пантыфік спаслаўся на Сусветны дзень спорту ў імя міру і развіцця, выказаўшы спадзяванне на тое, што спорт стане знакам надзеі для многіх людзей, якія маюць патрэбу ў міры і сацыяльнай інтэграцыі, а таксама падзякаваў спартыўным асацыяцыям, якія канкрэтным чынам выхоўваюць братэрства.

“Давайце працягваць маліцца за мір: у змучанай Украіне, якая падвяргаецца нападам, што прыводзяць да шматлікіх ахвяр сярод мірнага насельніцтва, у тым ліку сярод дзяцей. Тое ж самае адбываецца ў Газе, дзе людзі змушаныя жыць у няўяўных умовах – без даху над галавой, без ежы, без чыстай вады. Няхай змоўкне зброя і адновіцца дыялог, няхай будуць вызвалены ўсе заложнікі і абаронена мірнае насельніцтва. Давайце памолімся за мір на ўсім Блізкім Усходзе, у Судане і Паўднёвым Судане, у Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, у М’янме, якая таксама моцна пацярпела ад землятрусу, і на Гаіці, дзе працягвае трываць гвалт, у выніку якога некалькі дзён таму загінулі дзве манахіні”, - заклікаў вернікаў Святы Айцец.
 

06 красавіка 2025, 12:21