MAP

Папа Францішак і маладажоны. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак і маладажоны. Ілюстрацыйнае фота  (Archivio Personale di Letícia Schafer)

Невядомы раней тэкст Францішка: верце ў каханне на ўсё жыццё

“Верце ў любоў, верце ў Бога і верце, што зможаце прайсці прыгоду кахання на ўсё жыццё”, - заклікаў Папа Францішак маладыя пары, якія рыхтуюцца да сужэнства.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Фонд Youcat, які займаецца выданнем катэхізісаў для моладзі, апублікаваў невядомы раней тэкст прадмовы Святога Айца, напісанай да кнігі “Youcat. Любоў назаўжды” (Youcat. Love Forever).

Дапаможнік быў падрыхтаваны групай спецыялістаў, у склад якой уваходзілі сужэнскія пары, святары і тэолагі. На яго старонках, у форме пытанняў і адказаў, расказваецца пра хрысціянскае бачанне сужэнства і падаюцца практычныя парады на шляху да вечнай любові. Паведамляецца, што катэхізіс з’явіцца ў продажы ў бліжэйшы час.

У прадмове Францішак параўнаў каханне з танга, якое, паводле яго слоў, ён сам любіў танцаваць у маладосці. У гэтым аргенцінскім танцы мужчына і жанчына “заляцаюцца адзін да аднаго, спалучаюць блізкасць і дыстанцыю, пачуццёвасць, увагу, дысцыпліну і годнасць”, яны “радуюцца каханню і адчуваюць, што можа азначаць поўная аддача сябе”.

Святы Айцец заўважыў, што шмат сужэнстваў распадаюцца праз тры, пяць, сем гадоў, і таму можа ўзнікнуць пытанне: ці не лепш “пазбягаць болю і дакранацца адзін да аднаго толькі як у мімалётным танцы – пацешыцца разам, пагуляцца разам, а потым расстацца”. “Не верце ў гэта! Верце ў любоў, верце ў Бога і верце, што зможаце прайсці праз прыгоду кахання на ўсё жыццё”, - заклікаў моладзь Пантыфік.

Папа Францішак асаблівым чынам адзначыў важнасць належнай і сур’ёзнай падрыхтоўкі да сужэнства, бо “з любоўю не жартуюць”. На яго думку, такі шматгадовы перадсужэнскі “катэхуменат” павінен дапамагчы людзям прыйсці да бясконцай “радасці любові”.
 

30 красавіка 2025, 11:53