MAP

Серджыа Альф'еры Серджыа Альф'еры  (AFP or licensors)

"Папа вярнуўся": інтэрв'ю з асабістым урачом

Кіраўнік медыцынскай каманды Францішка ў эксклюзіўным інтэрв'ю распавёў пра стан здароўя Пантыфіка і яго нечаканае з'яўленне на Плошчы Святога Пятра, якое ўразіла ўвесь свет.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Прафесар Серджыа Альф'еры, кіраўнік медыцынскай каманды, якая лячыла Папу, у інтэрв'ю італьянскай газеце "Il Messaggero" назваў нядзельнае з'яўленне Пантыфіка "сапраўдным пераваротам". Медык падкрэсліў, што гэта было неверагоднае вяртанне пасля 38 дзён у клініцы “Джэмэлі”, дзе Папа двойчы быў блізкі да смерці.

Цяпер ён зноў стаў сабой, Папам Францішкам

"Бачыць 88-гадовага чалавека такім жвавым, прысутным духам і ў добрым гуморы – гэта сапраўды суцяшальна", - падзяліўся прафесар Альф'еры ў інтэрв'ю. "Цяпер Францішак зноў стаў самім сабой, сапраўдным Папам, якога мы ведаем. Ён ужо не пацыент, а чалавек, які вяртаецца да поўнага здароўя. Для ўсіх нас гэта знак, які напаўняе сэрцы надзеяй і ўпэўненасцю", - шчыра адзначыў урач.

Нядзельнае з'яўленне Францішка на вазку з кіслароднымі канюлямі падчас Юбілею Хворых і Медыцынскага Персаналу стала нечаканасцю для прыблізна 20 тысяч вернікаў. Нягледзячы на крохкі голас, Пантыфік у добрым настроі ўдзяліў благаслаўленне і пажадаў усім добрай нядзелі.

Часам яго нават трэба стрымліваць

"Папа адчувае сябе лепш. Ён вярнуўся да працы, ён актыўны – часам яго нават трэба стрымліваць", - прызнаўся Альф'еры. Медык дадаў, што Францішак імкнуўся выйсці да вернікаў яшчэ ў суботу, што яскрава сведчыць пра яго палкае жаданне як мага хутчэй вярнуцца да свайго пастырскага служэння.

Урач выказаў спадзяванне на тое, што Пантыфік будзе паважаць рэкамендаваны шасцітыднёвы перыяд рэабілітацыі. "Будзе перацягванне каната паміж ім, які хоча вярнуцца да сваіх людзей, і намі, медыкамі", - прызнаўся Альф'еры.

Ён не хацеў хаваць сваю слабасць

Францішак наўмысна з'явіўся перад вернікамі з кіслароднымі канюлямі. "Папа меў магчымасць не выкарыстоўваць канюлі, але свядома вырашыў пакінуць іх", - патлумачыў медык. Гэтае рашэнне было загадзя абмеркавана з яго асабістым медыцынскім асістэнтам Масіміліяна Страпэці. "Пантыфік не жадаў утойваць сваю слабасць ад людзей", - з павагай адзначыў Альф'еры.

Ён зноў сярод нас – Папа вярнуўся на сваю плошчу

Сваім публічным з'яўленнем Францішак паслаў свету важнае паведамленне, лічыць урач. "Папа вярнуўся, ён дома, на Плошчы Святога Пятра", - сказаў Альф'еры.

"Францішак заўсёды любіў нечаканкі. Ён хацеў быць сярод людзей у Дзень Хворых Святога Года – ужо не як пацыент, а як той, хто ідзе на папраўку", - падзяліўся медык. "Не здзіўлюся, калі ён яшчэ нас чымсьці ўразіць. Урэшце, ён сам прымае рашэнні – ён жа Папа", - дадаў урач з усмешкай.
 

08 красавіка 2025, 08:52