Францішак пра Яна Паўла II: чалавек паслядоўны і шчыры
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Сярод гамілій цяперашняга Папы Францішка з часоў, калі ён быў арцыбіскупам Буэнас-Айрэса, захавалася тая, якую ён прамовіў ва ўрачыстасць Звеставання Пана, 4 красавіка 2005 года. У ёй кардынал Берголіа разважаў пра надзвычайную паслядоўнасць Папы-паляка, узорам якой з'яўляецца сам Хрыстус.
Сапраўдны сведка веры
"Хрыстус думае паслядоўна, бо думае тое, што адчувае і робіць. Адчувае паслядоўна, бо адчувае тое, што думае і робіць. Дзейнічае паслядоўна, бо ажыццяўляе тое, што адчувае і думае", - казаў тады кардынал Берголіа. Гэтая паслядоўнасць характарызуецца паслухмянасцю, празрыстасцю і чыстай дабрынёй, якая перамагае зло дабром.
Менавіта такую паслядоўнасць будучы Папа Францішак бачыў у Яне Паўле II. "Ян Павел быў проста паслядоўным, ніколі не падманваў, ніколі не хлусіў, ніколі не ўхіляўся ад адказнасці", - падкрэсліваў ён.
Чалавек малітвы і адарацыі
"Ян Павел камунікаваў са сваім народам з паслядоўнасцю Божага чалавека, з паслядоўнасцю таго, хто кожную раніцу праводзіў доўгія гадзіны на адарацыі", - адзначаў тагачасны арцыбіскуп Буэнас-Айрэса. Паводле яго слоў, "паслядоўнасці нельга набыць, нельга навучыцца ў ніякім універсітэце”, “паслядоўнасць фарміруецца ў сэрцы праз адарацыю, праз памазанне для служэння іншым і праз праведнасць паводзін".
Чалавек, які жыў так, як вучыў
Будучы Папа Францішак прыгадваў словы Езуса пра Натанаэля: "Вось сапраўдны ізраэльцянін, у якім няма падступства". Тыя ж словы, на яго думку, можна было сказаць і пра Яна Паўла II. "Ён быў паслядоўным, бо дазволіў Божай волі сябе фарміраваць. Дазволіў Божай волі сябе прынізіць. Дазволіў, каб у яго душы ўзрастала паслухмянасць, якую меў Абрагам", - падкрэсліваў аргенцінскі іерарх.
У сваёй гаміліі ён прыгадваў канкрэтныя прыклады паслядоўнасці Яна Паўла II: яго намаганні па прадухіленні братазабойчых войнаў, яго любоў да дзяцей, клопат пра бяздомных, а таксама наведванне ў турме чалавека, які спрабаваў яго забіць.
Жыццё, якое прамаўляе гучней за словы
"Наш свет не патрабуе настаўнікаў, а патрабуе сведак. Ва Уцелаўленні Слова сам Хрыстус становіцца верным сведкам. Сёння мы бачым у Яне Паўле пераймальніка гэтага вернага сведкі", - заключыў кардынал Берголіа.
Фрагмент гаміліі паходзіць са зборніка "Nei tuoi occhi è la mia Parola. Omelie e discorsi di Buenos Aires 1999-2013", які выйшаў у 2016 годзе ў выдавецтве “Rizzoli”.