MAP

175-годдзе часопіса “La Civiltà Cattolica” 175-годдзе часопіса “La Civiltà Cattolica” 

Францішак павіншаваў часопіс “La Civiltà Cattolica” з 175-годдзем

1 красавіка 2025 года ў Рыме прайшла ўрачыстая цырымонія з нагоды 175-й гадавіны заснавання часопіса “La Civiltà Cattolica”. Папа падзякаваў гэтаму ўплывоваму каталіцкаму выданню за “разумнае служэнне Святому Пасаду і Касцёлу”.

Марыя Валодзіна - Vatican News

На мерапрыемстве прысутнічалі высокапастаўленыя госці, у тым ліку Прэзідэнт Італіі Серджа Матарэла, былы прэм'ер-міністр Італіі Марыё Драгі, Дзяржаўны сакратар кардынал П'етра Паралін.

У сваім пасланні, напісаным 17 сакавіка 2025 года ў рымскай клініцы “Джэмэлі”, Папа падкрэсліў важнасць часопіса “La Civiltà Cattolica” як надзейнай крыніцы аналізу і духоўнага суправаджэння розных пакаленняў. Ён высока ацаніў “сяброўскую прысутнасць” часопіса, які дапамагае католікам інтэрпрэтаваць сусветныя падзеі праз прызму веры. Францішак заклікаў рэдакцыю часопіса з радасцю працягваць працу, “слухаючы розныя галасы і ўвасабляючы тую паслухмяную лагоднасць, якая карысная для сэрца".

У сваім звароце да ўдзельнікаў цырымоніі кардынал Паралін згадаў доўгую гісторыю “La Civiltà Cattolica”, якая першапачаткова была задуманая як сродак "хрысціянскай адукацыі", здольны дапамагчы чытачам развіць хрысціянскае бачанне. Дзяржсакратар адзначыў, што выданне заўсёды мела "цесную сувязь з Папам". З цягам часу, асабліва пасля Другога Ватыканскага Сабору, часопіс стаў пляцоўкай для дыялогу. Папа Ян XXIII заклікаў тагачаснага рэдактара, айца Рабэрта Тучы, суправаджаць працу Сабора, Ян Павел II і Бэнэдыкт XVI падкрэслівалі важнасць ісціны ў журналістыцы, а Францішак заклікаў будаваць масты і ўступаць у дыялог культур.

“La Civiltà Cattolica” (“Каталіцкая цывілізацыя”) – адзін з найстарэйшых часопісаў, які працягвае выходзіць у свет. Ён быў заснаваны 6 красавіка 1850 года па ініцыятыве Папы Пія IX і ордэна езуітаў. Праз гады выданне захавала вернасць сваёй місіі – быць інструментам інтэрпрэтацыі гісторыі, палітыкі, культуры, навукі і мастацтва ў святле хрысціянскай веры. Сёння “La Civiltà Cattolica” выдаецца на сямі мовах і актыўна развівае сваю прысутнасць у лічбавай прасторы. На думку рэдактара, айца Нуна Гансалвеша да Сілвы, часопіс застаецца "ўнікальнай з'явай" у каталіцкай журналістыцы.

Падчас цырымоніі з нагоды 175-й гадавіны часопіса “La Civiltà Cattolica”
Падчас цырымоніі з нагоды 175-й гадавіны часопіса “La Civiltà Cattolica”
02 красавіка 2025, 10:51