Зала Друку: ноч прайшла спакойна, Папа працягвае адпачываць
Марыя Валодзіна - Vatican News
Паводле апошняга паведамлення Залы Друку Святога Пасада, распаўсюджанага ў 8:20 гадзін 2 марта 2025 года, ноч Францішка ў шпіталі прайшла спакойна, ён працягвае адпачываць.
Медыцынскі бюлетэнь, апублікаваны напярэдадні ўвечары, паведамляе, што стан здароўя Папы застаецца стабільным, у яго падтрымліваюцца добрыя паказчыкі газавага абмену. Для лячэння выкарыстоўваецца чаргаванне неінвазіўнай механічнай вентыляцыі з працяглымі перыядамі высокапаточнай кіслароднай тэрапіі.
У Папы адсутнічаюць павышаная тэмпература і лейкацытоз, гемадынамічныя параметры ў норме. Ён працягвае харчавацца і рэгулярна выконвае рэспіраторную фізіятэрапію. Захоўвае поўную яснасць свядомасці і арыентацыю. Новых эпізодаў бронхаспазму не назіраецца.
Медыкі захоўваюць стрыманы прагноз і працягваюць лячэнне.