MAP

Наступствы ізраільскага ракетнага ўдару па Газе Наступствы ізраільскага ракетнага ўдару па Газе  (DAWOUDABOALKAS)

Святы Айцец: вайна – гэта абсурд, трэба раззброіць Зямлю

Мы павінны раззброіць словы, каб раззброіць розумы і раззброіць Зямлю, - падкрэсліў Пантыфік, адказваючы на ліст з пажаданнямі хуткага выздараўлення, які яму даслаў галоўны рэдактар “Corriere della sera” Лучана Фантана.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Я хацеў бы падзякаваць вам за словы, з дапамогай якіх вы пажадалі выказаць мне блізкасць падчас хваробы, калі, як я ўжо казаў, вайна бачыцца яшчэ больш абсурднай”, - напісаў Францішак з клініцы “Джэмэлі”, дзе знаходзіцца ўжо больш за месяц.

Папа нагадаў, што “чалавечая слабасць, на самай справе, здольная рабіць нас больш адчувальнымі да таго, што адбываецца і працягваецца, да таго, што дае жыццё і што забівае”. “Магчыма, менавіта таму мы так часта адмаўляем сваю абмежаванасць і пазбягаем уразлівых і параненых людзей: яны маюць сілу ставіць пад сумнеў кірунак, які мы абралі – як асабіста, так і як супольнасць”, - дадаў ён.

“Я хацеў бы заклікаць вас і ўсіх тых, хто прысвячае сваю працу і інтэлект інфармаванню праз сродкі камунікацыі, якія сёння звязваюць наш свет у рэжыме рэальнага часу: адчуйце важнасць слоў. Яны ніколі не бываюць проста словамі: гэта дзеянні, якія фармуюць чалавечае асяроддзе. Яны могуць аб’ядноўваць і раздзяляць, служыць праўдзе або злоўжываць ёй. Мы павінны раззброіць словы, каб раззброіць розумы і раззброіць Зямлю. Сёння асабліва патрэбныя рэфлексія, спакой, разуменне складанасці”, - падкрэсліў Францішак.

Святы Айцец адзначыў, што “ў той час, калі вайна толькі разбурае грамадствы і навакольнае асяроддзе, не прапаноўваючы рашэнняў для канфліктаў, дыпламатыя і міжнародныя арганізацыі патрабуюць новай лімфы і даверу”. “Рэлігіі, у сваю чаргу, могуць выкарыстоўваць духоўнасць народаў, каб адрадзіць імкненне да братэрства і справядлівасці, надзеі і міру”, - дадаў ён.

“Усё гэта патрабуе адданасці, працы, маўчання, слоў. Давайце аб’яднаемся ў гэтых намаганнях, якія нябесная ласка не перастае натхняць і суправаджаць”, - завяршыў свой ліст Папа Францішак.
 

18 сакавіка 2025, 09:07