MAP

Помнік святому Яну Паўлу ІІ перад клінікай "Джэмэлі" Помнік святому Яну Паўлу ІІ перад клінікай "Джэмэлі"  (AFP or licensors)

Стан Папы стабільны, выздараўленне ідзе павольна

Папа працягвае рухальную і дыхальную тэрапію, а пасля абеду прысвяціў час малітве. Паколькі яго стан здароўя застаецца стабільным, было прынята рашэнне не публікаваць штодзённы медыцынскі бюлетэнь і паведамленні аб тым, як Папа правёў ноч.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Зала Друку Святога Пасаду паведаміла журналістам, што 14 сакавіка 2025 года медыцынскі бюлетэнь не публікаваўся, таму што ўрачы лічаць сітуацыю стабільнай, і клінічная карціна не змянілася ў параўнанні з апошнімі днямі. Выздараўленне Папы ідзе павольна і патрабуе часу, каб паляпшэнні замацаваліся. Падкрэсліваецца, што гэта станоўчы момант.

Адзначаецца таксама, што больш не будуць выходзіць ранішнія паведамленні аб тым, як Папа правёў ноч, і не будуць праводзіцца ранішнія брыфінгі, на якіх удакладнялася інфармацыя аб стане Пантыфіка. Вячэрнія брыфінгі застануцца, але без публікацыі медыцынскага бюлетэня. Увечары 15 сакавіка бюлетэнь яшчэ будзе апублікаваны.

Зала Друку таксама пацвердзіла тэлефонную размову, якая адбылася паміж кардыналам-дзяржсакратаром П’етра Паралінам і прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Пра яе напярэдадні паведаміў украінскі лідар.
 

14 сакавіка 2025, 20:04