Святы Айцец нагадаў пра важнасць літаратуры ў выхаванні
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Прадмову да выдання напісаў ксёндз Антоніа Спадара, падсакратар Дыкастэрыі па культуры і адукацыі. У адмысловым кароткім лісце да святара, напісаным 20 студзеня і апублікаваным у кнізе, Пантыфік адзначыў: “Дарагі брат, няхай жыве паэзія! Мы павінны вярнуць асалоду ад літаратуры не толькі ў наша жыццё, але і ў выхаванне, інакш станем падобнымі да сухіх пладоў. Паэзія дапамагае нам заставацца чалавечнымі, а ў гэтым ёсць вялікая патрэба”.
Ксёндз Спадара заўважыў, што літаратура і паэзія адыгралі важную ролю ў фармаванні поглядаў Папы Францішка. У сваіх зваротах Пантыфік часта спасылаецца на пісьменнікаў і паэтаў. У прыватнасці, у Апостальскай адгартацыі Querida Amazonia ён цытуе сямнаццаць майстроў літаратурнага слова, - нагадаў італьянскі езуіт.
У зборніку “Няхай жыве паэзія!” сабраны ўрыўкі з энцыклік, адгартацый, прамоў і пасланняў, а таксама прадмоў, інтэрв’ю і асабістых лістоў, у якіх Святы Айцец падкрэслівае важнасць паэзіі. Асаблівае месца сярод гэтых дакументаў займаюць яго Ліст аб ролі літаратуры ў фармацыі і Ліст да паэтаў, апублікаваныя ў 2024 годзе.
Святы Айцец неаднойчы заклікаў літаратараў дапамагаць людзям марыць, дакранацца да таямніцы жыцця, “бачыць глыбей” і “па-іншаму разумець рэчы, што знаходзяцца перад вачыма”. “Сёння Касцёл мае патрэбу ў вашай геніяльнасці, бо яму неабходна пратэставаць, клікаць і крычаць!” - пісаў Папа, дадаючы, што “ў жыцці ёсць рэчы, якія часам мы нават не можам зразумець або для якіх не знаходзім адпаведных слоў”, а гэта і ёсць “поле дзеяння” для мастакоў слова.