MAP

Папа падчас удзялення сакрамэнту споведзі на Сусветных днях моладзі ў Лісабоне Папа падчас удзялення сакрамэнту споведзі на Сусветных днях моладзі ў Лісабоне  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Святы Айцец спаведнікам: ваша служэнне – неад’емнае

Францішак нагадаў спаведнікам, што іх служэнне з’яўляецца неад’емным, і пажадаў, каб яно заўсёды было ўкаранёным у малітве і спалучаным з асабістым досведам атрымання прабачэння.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Святы Айцец скіраваў пасланне да ўдзельнікаў семінара для святароў і кандыдатаў у святарства, прысвечанага сакрамэнту споведзі. З 24 па 28 сакавіка 2025 года ён ужо ў 35-ы раз праходзіць у Рыме па ініцыятыве Апостальскай пэнітэнцыярыі.

Папа нагадаў, што літургічны перыяд, які папярэднічае Вялікадню – гэта час навяртання, пакаяння і прыняцця Божай міласэрнасці, а быць распарадчыкамі гэтай ласкі, асабліва ў Юбілейны год – гэта сапраўдны прывілей.

“Бог праз сваю ласку робіць нас служыцелямі Міласэрнасці – дару, які мы прымаем, бо самі былі і застаёмся першымі аб’ектамі Яго прабачэння”, - нагадаў Пантыфік.

Францішак заклікаў удзельнікаў семінара быць людзьмі малітвы. “Менавіта ў ёй знаходзяцца карані вашага служэння, праз якое працягваецца справа Езуса, які надалей і заўсёды паўтарае: ‘І Я не асуджаю цябе. Ідзі і адгэтуль больш не грашы’”, - напісаў Святы Айцец.

“Няхай ва ўсім Касцёле ў Юбілейны год гучыць гэта вызваляючае слова Пана, якое вядзе да абнаўлення сэрцаў, што вынікае з паяднання з Богам і адкрывае на новыя братэрскія адносіны. Таксама і мір, якога мы так прагнем, нараджаецца з Міласэрнасці, як і надзея, якая не падвядзе”, - дадаў Францішак. Ён нагадаў пра неад’емнасць служэння спаведнікаў і даверыў іх апецы Багародзіцы, просячы для іх любові і цярплівасці Хрыста.
 

28 сакавіка 2025, 09:12