MAP

Арцыбіскуп Эміліа Напа падчас Ружанца аб здароўі Папы Арцыбіскуп Эміліа Напа падчас Ружанца аб здароўі Папы  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Ружанец у Ватыкане: малітва за Папу і мір у свеце

Увечары 15 сакавіка 2025 года на Плошчы Святога Пятра адбылася малітва Ружанца ў інтэнцыі выздараўлення Папы. Яе ўзначаліў арцыбіскуп Эміліа Напа, Генеральны сакратар Губернатарата Дзяржавы Ватыкан.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Таксама і гэтым вечарам мы яднаемся ў малітве за Святога Айца і ў яго інтэнцыях: найперш за мір у свеце, за ўсякае дабро для свету і за асвячэнне Касцёла”, - адзначыў ватыканскі іерарх.

Ён заклікаў папрасіць Бога, каб “трываючы ў веры, мы ўзрасталі ў любові і разам ішлі да мэты шчаслівай надзеі”. Гэтыя словы арцыбіскуп Напа выказаў пасля разважання над Хвалебнымі таямніцамі, антыфоны Salve Regina, Ларэтанскай літаніі да Найсвяцейшай Панны Марыі і традыцыйнай малітвы Oremus pro Pontifice nostro Francisco.

Штодзённы Ружанец за Папу Францішка праводзіцца з 24 лютага па ініцыятыве Дзяржаўнага сакратарыята і Рымскай дыяцэзіі. У ім удзельнічаюць іерархі Рымскай курыі, святары, кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі. Малітва адбываецца на Плошчы Святога Пятра перад копіяй старажытнага абраза Марыі, Маці Касцёла, арыгінал якога захоўваецца ў Ватыканскай базіліцы.
 

16 сакавіка 2025, 11:03