MAP

Прафесар Серджа Альф'еры, кіраўнік Дэпартамента медыцынскіх і хірургічных навук "Джэмэлі" Прафесар Серджа Альф'еры, кіраўнік Дэпартамента медыцынскіх і хірургічных навук "Джэмэлі"  (AFP or licensors)

Прафесар Альф'еры аб тым, як праходзіла лячэнне Францішка

25 сакавіка 2025 года італьянская Corriere della Sera апублікавала інтэрв’ю з прафесарам Серджа Альф'еры, каардынатарам медыцынскай каманды, якая лячыла Папу Францішка падчас 38-дзённай шпіталізацыі ў “Джэмэлі”.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Урач распавёў, што самым цяжкім момантам хваробы Пантыфіка стаў эпізод, які адбыўся 28 лютага. Стан яго здароўя раптоўна пагоршыўся, пачаўся бронхаспазм, не хапала паветра. У гэты момант Папа папрасіў аб дапамозе.

"Гэта быў найгоршы момант. Я ўпершыню ўбачыў слёзы ў вачах некаторых людзей, якія стаялі вакол яго. Людзей, якія, як я зразумеў у гэты перыяд шпіталізацыі, шчыра любяць яго, як бацьку. Мы ўсе ведалі, што сітуацыя абвастрылася, і была рызыка, што ён не справіцца", - сказаў прафесар Альф'еры.

Медыкі апынуліся перад выбарам: пакінуць Папу ў спакоі ці прымяніць усе магчымыя лекавыя сродкі і метады лячэння, рызыкуючы пашкодзіць іншыя органы. "У рэшце рэшт мы пайшлі па гэтым шляху", - заўважыў урач.

Паводле Альф'еры, галоўнае слова ў прыняцці рашэння заўсёды застаецца за Святым Айцом. “Ён даручыў рашэнні, якія тычацца здароўя, свайму асабістаму памочніку Масіміліяна Страпеці, які выдатна ведае волю Пантыфіка". Калі яму паведамілі пра небяспеку, ён адказаў: "Паспрабуйце ўсё, не будзем здавацца. Так думалі і ўсе мы. Ніхто не здаўся", - падзяліўся доктар.

На пытанне аб тым, ці ўсведамляў Францішак, што знаходзіцца на мяжы жыцця і смерці, прафесар Альф'еры адказаў: "Так, яшчэ і таму, што ён заўсёды быў у поўнай свядомасці, нават калі ягоны стан пагоршыўся, ён быў у поўнай свядомасці. Гэта быў жахлівы вечар. Папа ведаў, як і мы, што ён можа не перажыць ноч. Мы бачылі чалавека, які пакутуе. Аднак ён з самага першага дня прасіў нас казаць яму праўду і хацеў, каб мы распавядалі праўду пра яго стан", - сказаў медык.

Праз некалькі дзён, калі “арганізм адрэагаваў на лячэнне, і лёгачная інфекцыя сціхла”, здарыўся яшчэ адзін цяжкі эпізод. “Папа падавіўся падчас ежы, і яна трапіла ў дыхальныя шляхі. Гэта быў другі па-сапраўднаму крытычны момант, таму што ў такіх выпадках, калі іх аператыўна не вырашыць, ёсць рызыка раптоўнай смерці або сур’ёзных ускладненняў у лёгкіх, якія ўжо і так былі пашкоджанымі. Гэта было жахліва: мы думалі, што не справімся", - прызнаўся прафесар.

Францішак і на гэты раз усведамляў усё, што адбываецца. На думку медыка, менавіта ягоная свядомасць і непахісная сіла волі дапамаглі яму выжыць. "У мінулым, калі мы размаўлялі, я спытаў яго, як ён вытрымлівае такі рытм, і ён заўсёды адказваў мне: "У мяне ёсць метад і правіла". Акрамя вельмі моцнага сэрца, Папа мае неверагодныя рэсурсы. Думаю, спрыяў і той факт, што ўвесь свет маліўся за яго", - сказаў Альф'еры.
"Існуе навуковае даследаванне, згодна з якім малітва дае сілы хворым, а ў гэтым выпадку маліўся ўвесь свет. Магу сказаць, што двойчы сітуацыя была страчана, а затым нешта адбылося як цуд. Вядома, пацыент добра супрацоўнічаў. Ён прайшоў усе этапы лячэння, ніколі не скардзячыся”, - удакладніў доктар.

Кажучы пра пачатак шпіталізацыі 14 лютага, Альф'еры зазначыў: "Ён хварэў ужо некалькі дзён, але цярпеў, таму што, верагодна, хацеў выканаць свае Юбілейныя абавязацельствы. Калі дыхаць стала цяжка, ён зразумеў, што больш не можа чакаць. У “Джэмэлі” ён прыбыў, вельмі пакутуючы, і, магчыма, нават трохі засмучаны. Аднак праз некалькі гадзін да яго вярнуўся яго добры настрой".

Па словах доктара, у Папы – “галава пяцідзесяцігадовага чалавека. Ён даказаў гэта на апошнім тыдні знаходжання ў шпіталі”. Калі сітуацыя стабілізавалася, Францішак стаў больш актыўным. Ён пачаў выходзіць з палаты, сустракацца з іншымі пацыентамі, рухацца ў вазку. "Аднойчы ён выходзіў з пакоя пяць разоў, можа быць, нават больш. А потым быў вечар піцы", - узгадаў Альф'еры. Папа даў грошы аднаму з супрацоўнікаў і папрасіў набыць піцу, каб пачаставаць ёю ўсіх, хто клапаціўся аб ім у той дзень. Гэты момант стаў важным знакам паляпшэння. “Я зразумеў, што ён вырашыў вярнуцца ў Дом Святой Марты, калі аднойчы раніцай ён сказаў мне: "Я ўсё яшчэ жывы. Калі мы вернемся дадому?”, - патлумачыў медык.

На наступны дзень Пантыфік выйшаў на балкон, усміхнуўся і звярнуўся да жанчыны з жоўтымі кветкамі. “Мне гэта здалося ясным сігналам таго, што Папа вярнуўся да жыцця, да яго вярнуліся сілы", - сказаў доктар.

Пасля 38 дзён знаходжання ў шпіталі Францішак пакінуў "Джэмэлі" і вярнуўся ў сваю рэзідэнцыю. Медыкі папярэдзілі аб тым, што поўнае выздараўленне запатрабуе як мінімум два месяцы. “Ён павінен пазбягаць кантактаў з групамі людзей або з дзецьмі, якія могуць быць носьбітамі новых інфекцый. Калі ён выпісваўся, мы пагаварылі аб тым, што не трэба марнаваць намаганні. Але ён – Папа, і мы не можам дыктаваць яму правілы", - нагадаў медык.

На апошняе пытанне аб тым, які момант уразіў яго больш за ўсё, прафесар Альф'еры адказаў: "Калі я ўбачыў, як ён выйшаў з пакоя на дзясятым паверсе "Джэмэлі", апрануты ў белае. Хваляванне ад таго, што чалавек зноў стаў Папам".

25 сакавіка 2025, 12:58