Пантыфік запісаў зварот з падзякай за малітвы аб яго здароўі
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Дзякую вам ад усяго сэрца за малітвы, якія ўзносіце за маё здароўе на плошчы. Я суправаджаю вас адсюль. Няхай Бог благаславіць вас, а Панна абараняе. Дзякую”, - прамовіў Святы Айцец на іспанскай мове.
Па голасе чутна, што Папу складана размаўляць: яго дыханне цяжкае, а словы ён вымаўляе павольна. Тым не менш, Пантыфік пажадаў запэўніць вернікаў у сваёй блізкасці і ўдзячнасці. З 24 лютага яны штовечар збіраюцца, каб маліцца за яго здароўе.
Ружанцовую малітву ўзначаліў кардынал Анхель Фернандэс Арцімэ, прэфект Дыкастэрыі па справах інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця. Дачакаўшыся заканчэння працяглых апладысментаў пасля слоў Папы, ён заахвоціў прысутных – касцельных іерархаў, духавенства, кансэкраваных асоб і сотні свецкіх вернікаў – паразважаць над таямніцамі святла.