MAP

Клініка "Джэмэлі", у якой з 14 лютага шпіталізаваны Францішак Клініка "Джэмэлі", у якой з 14 лютага шпіталізаваны Францішак  (ANSA)

Папа ў шпіталі: нязначнае паляпшэнне, менш кіслароднай тэрапіі

Па інфармацыі Залы Друку Святога Пасада, у стане здароўя Папы назіраецца нязначны прагрэс. Мінулай ноччу ён не выкарыстоўваў механічную вентыляцыю лёгкіх. Сітуацыя застаецца стабільнай у рамках складанай клінічнай карціны. 19 сакавіка 2025 года чакаецца наступны медыцынскі бюлетэнь.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У стане здароўя Францішка адзначаецца нязначнае паляпшэнне ў тым, што тычыцца рухальнай і дыхальнай сферы. Яму патрабуецца ўсё менш неінвазіўнай механічнай вентыляцыі лёгкіх уначы і высокапаточнай кіслароднай тэрапіі на працягу дня. Мінулай ноччу ён не выкарыстоўваў механічную вентыляцыю лёгкіх, а толькі высокапаточную аксігенацыю праз насавыя канюлі.

Такую добрую навіну распаўсюдзіў увечары 18 сакавіка 2025 года Святы Пасад, просячы журналістаў “успрымаць яе з асцярожнасцю”, паколькі гэта не азначае, што Папа не будзе выкарыстоўваць вентыляцыю ў наступныя дні. Неабходна яе паступовае зніжэнне, а не рэзкае спыненне.

На працягу дня Францішак прайшоў тэрапію, прысвяціў час малітве і працоўнай дзейнасці. Ён працягвае прытрымлівацца прызначанай урачамі дыеты, якая ўключае ў сябе таксама цвёрдую ежу. Наступны медыцынскі бюлетэнь запланаваны на вечар 19 сакавіка 2025 года.

18 сакавіка 2025, 19:48