MAP

Рымская клініка "Джэмэлі", у якой з 14 лютага шпіталізаваны Папа Францішак Рымская клініка "Джэмэлі", у якой з 14 лютага шпіталізаваны Папа Францішак  (AFP or licensors)

Папа: стан стабільны, рэнтген пацвердзіў паляпшэнне

Нягледзячы на складанасць агульнай клінічнай карціны, стан здароўя Святога Айца застаецца стабільным. Рэнтгенаграфія грудной клеткі пацвердзіла паляпшэнне. Папа атрымлівае неабходнае лячэнне, адпачывае і моліцца.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Увечары 12 сакавіка 2025 года Зала Друку Святога Пасада распаўсюдзіла паведамленне для журналістаў, у якім гаворыцца, што клінічны стан Францішка застаецца стабільным. Праведзеная напярэдадні рэнтгенаграфія грудной клеткі пацвердзіла паляпшэнне, адзначанае ў папярэднія дні.

Днём Святы Айцец працягваў атрымліваць высокапаточную кіслародную тэрапію, пад час начнога адпачынку – неінвазіўную механічную вентыляцыю лёгкіх.

Раніцай Пантыфік па відэасувязі сачыў за духоўнымі практыкаваннямі для супрацоўнікаў Рымскай курыі, якія праходзяць у ватыканскай Зале Паўла VI. Затым ён атрымаў Эўхарыстыю і прысвяціў некаторы час малітве, пасля чаго займаўся рухальнай фізіятэрапіяй. У другой палове дня Папа зноў далучыўся па відэасувязі да Велікапосных рэкалекцый у Ватыкане, а затым чаргаваў малітву з адпачынкам і дыхальнай фізіятэрапіяй.

Святы Айцец быў шпіталізаваны 14 лютага ў рымскую клініку "Джэмэлі" з двухбаковым запаленнем лёгкіх.

12 сакавіка 2025, 20:03