MAP

Клініка "Джэмэлі" Клініка "Джэмэлі"  (AFP)

Спакойная ноч і паступовае паляпшэнне стану Папы

Паводле апошняй інфармацыі Залы Друку Святога Пасада ад 10 сакавіка 2025 года, Папа правёў спакойную ноч у шпіталі “Джэмэлі” і раніцай працягваў адпачываць.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

9 сакавіка 2025 года, у Першую нядзелю Вялікага посту, Францішак прыняў удзел у святой Імшы, а затым далучыўся да духоўных практыкаванняў Рымскай курыі праз відэасувязь. Велікапосныя рэкалекцыі пачаліся 9 сакавіка пасля абеду ў Зале Паўла VI пад кіраўніцтвам айца Роберта Пазаліні, прапаведніка Папскага дома.

Медыкі паведамляюць, што Пантыфік працягвае праходзіць тэрапію і дыхальную фізіятэрапію, а таксама прытрымліваецца спецыяльнай дыеты, прызначанай урачамі. Яго стан застаецца стабільным, з невялікім паступовым паляпшэннем.

Нягледзячы на станоўчыя зрухі, падкрэсліваецца, што агульная сітуацыя застаецца складанай. З гэтай прычыны ўрачы захоўваюць асцярожнасць і пакідаюць прагноз адкрытым. Чакаецца, што 10 сакавіка ўвечары будзе апублікаваны новы медыцынскі бюлетэнь, які дасць больш падрабязную інфармацыю аб стане здароўя Францішка.

Варта адзначыць, што Папа знаходзіцца ў рымскай клініцы “Джэмэлі” з 14 лютага 2025 года. Нягледзячы на гэта, ён працягвае выконваць свае абавязкі і ўдзельнічаць у важных касцельных падзеях, выкарыстоўваючы сучасныя тэхналогіі для захавання сувязі з вернікамі і Рымскай курыяй.
 

10 сакавіка 2025, 09:03