MAP

Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Папа працягвае аднаўляцца пасля цяжкай пнеўманіі

28 сакавіка 2025 года ў Ватыкане паведамілі пра стан здароўя Святога Айца. Францішак працягвае аднаўляцца пасля цяжкай пнеўманіі. З 14 лютага па 23 сакавіка ён праходзіў лячэнне ў рымскай клініцы “Джэмэлі”.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Зала Друку Апостальскай Сталіцы паведаміла, што цяпер назіраецца стабільная сітуацыя з невялікімі паляпшэннямі ў дыханні і маторыцы, а таксама ў аднаўленні мовы.

Працягваецца паступовае зніжэнне высокапаточнай кіслароднай тэрапіі з дапамогай назальных канюль на працягу дня, пачата зніжэнне і ноччу. Згодна з аналізамі, зробленымі ў сераду, 26 сакавіка, паказчыкі крыві ў норме.

Папа чаргуе тэрапію, малітву, адпачынак і некаторую працоўную актыўнасць. Усе Дыкастэрыі дасылаюць яму дакументы. Пра асаблівыя візіты не паведамляецца. Папа бачыцца з медыцынскім персаналам, сакратарамі і найбліжэйшымі супрацоўнікамі.

У пятніцу, 28 сакавіка, ён з дапамогай відэасувязі выслухаў велікапоснае казанне прапаведніка Папскага дома, айца Раберта Пазаліні. Паведамляецца, што разважанне Святога Айца да малітвы “Анёл Панскі” будзе распаўсюджана, як і ў папярэднія нядзелі.

Францішку паведамілі аб землятрусе ў М'янме, і ён моліцца аб шматлікіх ахвярах. Папа кожны дзень канцэлебруе Імшу ў маленькай капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі.
 

28 сакавіка 2025, 13:01