MAP

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа: клапаціцца пра душэўныя раны ахвяр злоўжыванняў

Прафілактыка злоўжыванняў – адзін з фундаментаў, на якіх можна будаваць супольнасці, верныя Евангеллю, - гаворыцца ў лісце Францішка да ўдзельнікаў пленарнага пасяджэння Папскай камісіі па абароне непаўналетніх.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

У дакуменце, апублікаваным 25 сакавіка 2025 года, Святы Айцец адзначыў каштоўнасць служэння Камісіі, параўноўваючы яе з “кіслародам” для мясцовых Касцёлаў і манаскіх супольнасцяў, а таксама нагадваючы, што “там, дзе дзіця ці ўразлівы чалавек знаходзяцца ў бяспецы, там служаць і аддаць пашану Хрысту”.

Папа падзякаваў членам ватыканскай установы за прасоўванне прафілактычных мер у Касцёле, падкрэсліўшы, што прадухіленне злоўжыванняў “гэта не пакрывала, якое трэба накінуць на крызісныя сітуацыі, а адзін з фундаментаў, на якіх можна будаваць супольнасці, верныя Евангеллю”.

Пантыфік адзначыў, што праца Камісіі не абмяжоўваецца выкананнем пратаколаў, але спрыяе пашырэнню прафілактыкі злоўжыванняў праз навучанне, кантроль і слуханне, “якое вяртае годнасць”. “Укараняючы прафілактычныя меры нават у самых аддаленых супольнасцях, вы пішаце абяцанне таго, што кожнае дзіця, кожны ўразлівы чалавек знойдуць бяспечнае асяроддзе ў касцельнай супольнасці. Гэта рухавік таго, што павінна стаць для нас цэласным навяртаннем”, - падкрэсліў Святы Айцец.

У сваім лісце, напісаным яшчэ падчас знаходжання ў клініцы “Джэмэлі”, Францішак даў членам Папскай камісіі па абароне непаўналетніх тры ўказанні: развіваць супрацоўніцтва з дыкастэрыямі Рымскай курыі, аказваць ахвярам злоўжыванняў гасціннасць і клапаціцца пра іх душэўныя раны, а таксама будаваць узаемадзеянне з некасцёльнымі ўстановамі, каб абарона непаўналетніх стала “паўсюднай мовай”.
 

25 сакавіка 2025, 11:09