Папа і яго 38-дзённае кіраванне Касцёлам з шпіталя “Джэмэлі”
Тэкст: Сальваторэ Чэрнуцыа/ Пераклад і адаптацыя: Марыя Валодзіна - Vatican News
Роўна пяць гадоў таму Францішак стаяў на бязлюднай Плошчы Святога Пятра, да якой даносіліся гукі сірэн. З-за пандэміі каронавіруса людзі былі ізаляваныя ў сваіх дамах, але Папа выйшаў на ватыканскую плошчу – сэрца хрысціянскага свету. "Мы ўсвядомілі, што знаходзімся ў адной лодцы, усе крохкія і разгубленыя, але ў той жа час важныя і неабходныя, усе пакліканыя веславаць разам, падтрымліваць адзін аднаго. У гэтай лодцы мы ўсе", - сказаў тады Святы Айцец.
Праз пяць гадоў Папа сам апынуўся "ізаляваным" у сваёй рэзідэнцыі ў Доме Святой Марты, дзе праходзіць рэабілітацыю пасля 38-дзённай шпіталізацыі з небяспечнай двухбаковай пнеўманіяй. У гэты час, як і ў 2020 годзе, ён заставаўся духоўным арыенцірам для разгубленага чалавецтва. Сёння свету пагражае ўжо не пандэмія, а войны і крызісы, гонка пераўзбраення, насілле і беднасць. "У гэтай лодцы мы ўсе".
Заклікі да міру
Францішак не пераставаў кіраваць Касцёлам нават падчас свайго знаходжання ў шпіталі “Джэмэлі”, адкуль войны ў Еўропе, на Блізкім Усходзе, у Афрыцы і Паўднёва-Усходняй Азіі выглядаюць “яшчэ больш абсурднымі". Гэтыя словы, напісаныя ў разважанні пасля малітвы “Анёл Панскі” 2 сакавіка 2025 года, застануцца ў калектыўнай памяці.
У кожным з шасці разважанняў, распаўсюджаных падчас шпіталізацыі, Францішак не забываў пра канфлікты, у тым ліку і вайну ва Украіне, трэцяя гадавіна якой прыпала на гэты перыяд. "Балючая і ганебная дата для ўсяго чалавецтва!" – напісаў ён 23 лютага 2025 года, заклікаючы “памятаць пра ахвяр усіх узброеных канфліктаў і маліцца аб дары міру ў Палесціне, Ізраілі і на ўсім Блізкім Усходзе, у М’янме, Ківу і Судане". Заклікі да міру гучалі таксама і ў іншыя дні, напрыклад, 9 сакавіка, перад пачаткам Вялікага Посту, калі Папа выказаў занепакоенасць абвастрэннем гвалту ў Сірыі і заклікаў да "поўнай павагі да ўсіх этнічных і рэлігійных кампанентаў грамадства, асабліва грамадзянскага насельніцтва”.
16 сакавіка ён заклікаў “працягваць маліцца за мір, асабліва ў краінах, параненых вайной”, а 23 сакавіка, у дзень выпіскі з шпіталя, выказаў смутак з нагоды аднаўлення жорсткіх ізраільскіх бамбардзіровак Сектара Газа.
Раззброіць словы, розумы і Зямлю
18 сакавіка 2025 года, у час, калі Еўропа абмяркоўвала план пераўзбраення, Святы Айцец адказаў на ліст галоўнага рэдактара “Corriere della sera”. Словы “ніколі не бываюць проста словамі: гэта дзеянні, якія фармуюць чалавечае асяроддзе. Яны могуць аб’ядноўваць і раздзяляць, служыць праўдзе або злоўжываць ёй. Мы павінны раззброіць словы, каб раззброіць розумы і раззброіць Зямлю”, - напісаў ён.
“У той час, калі вайна толькі разбурае грамадствы і навакольнае асяроддзе, не прапаноўваючы рашэнняў для канфліктаў, дыпламатыя і міжнародныя арганізацыі патрабуюць новай лімфы і даверу”, - гаворыцца ў лісце Пантыфіка.
Больш за 40 прызначэнняў
Падчас шасці тыдняў свайго знаходжання ў шпіталі Папа здзейсніў 44 прызначэнні, у тым ліку біскупаў, арцыбіскупаў, нунцыяў (у Буркіна-Фасо, Чылі, Беларусь), а таксама старшыню Губернатарата Дзяржавы Ватыкан, сястру Рафаэлу Петрыні, і двух сакратароў гэтай установы - мансеньёра Эміліа Напу і адваката Джузэпэ Пулізі-Алібрандзі.
Пачатак падрыхтоўкі да Касцельнай асамблеі 2028 года
За 38 дзён шпіталізацыі Папа таксама падрыхтаваў чатыры катэхезы для агульных аўдыенцый, шэсць пасланняў, у тым ліку велікапоснае, а таксама ліст да кардынала Марыё Грэка, Генеральнага сакратара Сінода Біскупаў, з прапановай пачаць падрыхтоўку да Касцёльнай асамбіі 2028 года.