MAP

Клініка "Джэмэлі" Клініка "Джэмэлі"  (ANSA)

Добрыя навіны: прагноз для Папы Францішка спрыяльны

Стан здароўя Папы Францішка працягвае заставацца стабільным. Медыкі адзначаюць паляпшэнне і добрую рэакцыю на тэрапію.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Урачы адзначаюць далейшае ўмацаванне станоўчай дынамікі ў стане здароўя Пантыфіка. Гэта пацвярджаецца як аналізамі крыві, так і клінічнымі назіраннямі, а таксама добрай рэакцыяй на медыкаментозную тэрапію.

Улічваючы гэтыя пазітыўныя змены, 10 сакавіка 2025 года ўрачы прынялі рашэнне зняць неспрыяльны прагноз. Аднак, як паведамляе Зала Друку Святога Пасада, "у сувязі са складанасцю клінічнай карціны і значнай інфекцыяй, выяўленай пры шпіталізацыі, неабходна працягваць медыкаментозную тэрапію ва ўмовах шпіталя на працягу наступных дзён".

Нягледзячы на неабходнасць працягваць лячэнне, Святы Айцец захоўвае актыўнасць у духоўным жыцці. Раніцай 10 сакавіка 2025 года ён змог далучыцца да духоўных практыкаванняў для супрацоўнікаў Рымскай курыі, якія праходзілі ў Зале Паўла VI, праз відэасувязь. Ён прыняў Святую Камунію і правёў час у малітве ў прыватнай капліцы.

Пасля абеду Францішак зноў далучыўся да духоўных практыкаванняў, таксама праз відэасувязь. На працягу дня ён чаргаваў малітву з адпачынкам.

Такім чынам, нягледзячы на неабходнасць працягваць лячэнне ў шпіталі, стан здароўя Папы паказвае станоўчую дынамку. Вернікі ва ўсім свеце працягваюць маліцца за яго хуткае і поўнае выздараўленне.
 

10 сакавіка 2025, 20:07