Папа да чэхаў: будзьце сведкамі міру і надзеі ў Еўропе і свеце
Марыя Валодзіна - Vatican News
29 сакавіка 2025 года Зала Друку Святога Пасада абнародавала пасланне Францішка да чэшскіх пілігрымаў, якія прыбылі ў Рым з нагоды Юбілейнага года. У нацыянальнай пілігрымцы, якую ўзначальвае старшыня чэшскага епіскапату, арцыбіскуп Ян Граўбнер, прымае ўдзел каля дзвюх тысяч чалавек: біскупы, святары, кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі.
Пілігрымка пачалася 28 сакавіка 2025 года з малітвы на магіле святога Кірылы ў Базіліцы Святога Клімента. Затым пілігрымы прынялі ўдзел ў святой Імшы ў латэранскай базіліцы і прайшлі ў ёй праз Святую Браму. Увечары яны прайшлі Крыжовым шляхам у Базіліцы Святога Паўла па-за мурамі. 29 сакавіка пілігрымы наведалі Ватыкан. Імшу ў Базіліцы Святога Пятра ўзначаліў кардынал Дамінік Дука, арцыбіскуп-эмерыт Пражскі. У набажэнстве таксама прыняў удзел прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, кардынал Майкл Чэрны, які мае чэшскія карані. Ён прывітаў пілігрымаў ад імя Папы. Завершыцца пілігрымка 30 сакавіка Імшой, якую ўзначаліць старшыня Канферэнцыі Біскупаў Чэхіі, арцыбіскуп Ян Граўбнер.
У сваім пасланні Святы Айцец сардэчна прывітаў гасцей, выказаўшы шкадаванне ў сувязі з тым, што з-за стану здароўя не можа асабіста сустрэцца з імі. Ён запэўніў пілігрымаў у сваёй духоўнай блізкасці і падзякаваў за малітвы.
Папа падкрэсліў, што пілігрымка ў Рым з'яўляецца канкрэтным знакам жадання абнавіць веру, умацаваць сувязь з пераемнікам святога Пятра і з радасцю засведчыць адданасць Пану, які заўсёды крочыць побач, падтрымлівае ў выпрабаваннях і заклікае быць сведкамі Яго міру і любові. “Ён верны сваім абяцанням, і таму надзея ніколі не расчароўвае!” - напісаў Пантыфік (Рым 5:5; була Spes non confundit).
Папа нагадаў чэшскім вернікам пра багатую хрысціянскую традыцыю іх зямлі, асветленую сведчаннем такіх святых, як Войцех, Кірыла і Мятод і многіх іншых. Гэтыя святыя з мужнасцю і цярпеннем неслі святло Евангелля нават туды, дзе гэта здавалася немагчымым. Іх прыклад вучыць таму, што “хрысціянская місія грунтуецца не на відавочных выніках, а на вернасці Богу. Мы таксама закліканы ўпэўнена абвяшчаць Евангелле, не палохаючыся цяжкасцяў і перашкод”, - напісаў Францішак.
Святы Айцец заклікаў вернікаў давяраць Богу і сеяць зерне Евангелля з любоўю і настойлівасцю, не ўпадаючы ў роспач. Ён падкрэсліў, што калі мы ахвяруем Богу тое малое, чым мы з'яўляемся і што маем, Ён памнажае гэта. “Давайце прыгадаем пяць хлябоў і дзве рыбіны: у руках Езуса яны сталі багатай ежай для натоўпу (пар. Мц 14:13-21). Тое ж самае і з нашымі намаганнямі ў веры: калі мы аддаем іх Пану з велікадушным сэрцам, ён памнажае іх і робіць іх плённымі самым нечаканым чынам”, - напісаў Папа.
Пантыфік заклікаў чэхаў ніколі не губляць даверу да Бога. “Гісторыя вашых святых вучыць нас гэтаму: давайце ўспомнім стойкасць Яна Непамука і многіх іншых сведкаў веры ў вашай краіне. Іх жыцці сведчаць аб тым, што тыя, хто вераць у Бога, ніколі не будуць пакінутыя, нават у часы выпрабаванняў, такіх як пераслед”, - гаворыцца ў пасланні.
Папа падкрэсліў важнасць сумеснага шляху вернікаў і пастыраў, узаемнай падтрымкі і сведчання міру і надзеі ў сучасным свеце, у тым ліку ў Еўропе. "Наша вера – не толькі наша асабістая справа, але і дар, якім мы павінны з радасцю дзяліцца”, - напісаў Францішак у пасланні.
Напрыканцы ліста Папа даручыў пілігрымаў заступніцтву Панны Марыі, Маці надзеі, і ўдзяліў ім і ўсяму чэшскаму народу сваё апостальскае благаслаўленне.