Маленькія пацыенты "Bambino Gesù" даслалі Папу лісты і малюнкі
Марыя Валодзіна - Vatican News
Дзеці даслалі Святому Айцу словы падтрымкі, блізкасці і пажаданні хутчэйшага выздараўлення. “Мая малітва аб цябе”, - напісала Ніколь. “Дарагі Папа Францішак, мы молімся за цябе і аб тым, каб тваё лячэнне было лягчэйшым”, - пішуць мама Вольга і сын Аляксандр. Клаўдыя намалявала Францішка, які трымае яе за руку, і падпісала: “Я і ты разам”.
У некаторых лістах – дзіцячыя парады аб тым, як праводзіць час у шпіталі. “Дарагі Папа, раю табе прачытаць шмат кніг”, - піша Эўджэніа. “Дарагі Папа, няхай табе дадуць гульнявую прыстаўку”, - прапануе Алекс.
Сярод парад – прапанова прайсці лячэнне ў іх шпіталі. "Bambino Gesù" размешчаны на Янікульскім пагорку Рыма, адкуль адкрываецца від на Базіліку Святога Пятра. “Дарагі Францішак, лячыся разам з намі… Паглядзі, якая прыгожая панарама! Адсюль бачны і твой дом”, - напісала Джулія.
Група маленькіх суаўтараў – Джулія, Эўджэніа, Эвеліна, Альда, Амелія, Сафія, Алекс і Ніколь – прысвяцілі Пантыфіку верш: “Папа ў шпіталі, Нам усім дрэнна. Мы думаем пра цябе, Аб тым, што ты хварэеш, бедны. З любоўю кажам табе: Будзь моцны, Францішак, мы молімся за цябе”.