MAP

Рымская клініка імя Агасціна Джэмэлі Рымская клініка імя Агасціна Джэмэлі  (ANSA)

Ноч Папы ў шпіталі прайшла спакойна, працягваецца тэрапія

У Ватыкане паведамілі, што ноч Святога Айца прайшла спакойна. Пантыфік працягвае лячэнне ў рымскім шпіталі “Джэмелі”, дзе знаходзіцца з 14 сакавіка 2025 года.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Папа спаў усю ноч і цяпер працягвае адпачываць”, - коратка паведаміла Зала Друку Святога Пасаду раніцай 4 сакавіка 2025 года ў 8:21 па цэнтральнаеўрапейскім часе.

Пазней афіцыйны прадстаўнік Апостальскай Сталіцы Матэа Бруні паведаміў, што Папа працягвае тэрапію і рэспіраторную фізіятэрапію. Была адноўлена высокапаточная вентыляцыя лёгкіх з выкарыстаннем назальных катэтараў.

Адзначаецца, што раніцай Святы Айцец прысвяціў час адпачынку і малітве. Цяпер сітуацыя выглядае стабільнай у складаным кантэксце. Пантыфіка суправаджае медыцынскі персанал Губернатарату Ватыкана і група ўрачоў са шпіталя “Джэмэлі”.

Медыцынскі бюлетэнь, апублікаваны напярэдадні ўвечары, паведамляў, што 3 сакавіка Святы Айцец перанёс два эпізоды вострай дыхальнай недастатковасці, выкліканыя значным назапашваннем эндабранхіяльнай слізі і наступным бронхаспазмам. У сувязі з гэтым былі праведзены дзве бронхаскапіі з неабходнасцю адсмоктвання вялікай колькасці сакрэту.

У другой палове дня была ўзноўлена неінвазіўная штучная вентыляцыя лёгкіх. Пры гэтым Папа заўсёды заставаўся прытомным, арыентаваўся і супрацоўнічаў з медыцынскім персаналам.
 

04 сакавіка 2025, 08:41