MAP

Дзіцячыя малюнкі для Папы. Ілюстрацыйнае фота Дзіцячыя малюнкі для Папы. Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Лісты да Папы Францішка: хваля падтрымкі з усяго свету

З моманту шпіталізацыі Папы Францішка назіраецца значны рост колькасці лістоў, якія прыходзяць на яго імя. Пантыфік знаходзіцца ў клініцы “Джэмэлі” з 14 лютага 2025 года.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Паводле даных італьянскай пошты, аб’ём карэспандэнцыі павялічыўся да 150 кг у дзень. Гэтыя лісты, часта суправаджаюцца малюнкамі і прыходзяць з усяго свету. Яны праходзяць складаны шлях, перш чым дасягаюць свайго адрасата.

Кожны ліст, адпраўлены Святому Айцу, спачатку трапляе ў сартавальны цэнтр у Ф’юмічына, дзе праходзіць праверку бяспекі і рэгіструецца ў аўтаматызаванай сістэме. Пасля гэтага “пошта Папы” адпраўляецца ў размеркавальны цэнтр на поўначы Рыма, які таксама абслугоўвае клініку “Джэмэлі”. Там карэспандэнцыя яшчэ раз сартуецца і класіфікуецца для перадачы так званым “важным кліентам”, у лік якіх уваходзіць і шпіталь, дзе знаходзіцца Папа.

У гэтыя дні плынь лістоў да Францішка асабліва ўзмацнілася. “Гэта кранальна – бачыць лісты з усіх куткоў свету, адрасаваныя Святому Айцу ў такі складаны для яго час. Гэта выраз вялікай любові і падтрымкі”, - падкрэсліў у спецыяльнай заяве кіраўнік рымскага паштовага размеркавальнага цэнтра Андрэа Дзі Тамаза.
 

15 сакавіка 2025, 10:20