Францішак благаславіць вернікаў з акна шпіталя
У бліжэйшую нядзелю, 23 сакавіка 2025 года, неўзабаве пасля апоўдня Папа Францішак мае намер прывітаць вернікаў з акна шпіталя і ўдзяліць ім сваё апостальскае благаслаўленне. Пра гэта 22 сакавіка паведаміла Зала Друку Святога Пасада.
Марыя Валодзіна - Vatican News
Ватыканскія СМІ распаўсюдзяць фотаздымкі і выявы папскага прывітання і благаслаўлення. Разважанне да нядзельнай малітвы “Анёл Панскі” будзе абнародавана, як і ў папярэднія нядзелі.
Паводле апошніх паведамленняў Святога Пасада, стан здароўя Пантыфіка застаецца стабільным, назіраюцца невялікія паляпшэнні ў рухальнай і дыхальнай функцыях. Папа працягвае лячэнне, займаецца працай, моліцца, але пакуль не прымае наведвальнікаў.
Уначы Святы Айцец ужо не выкарыстоўвае механічную вентыляцыю з маскай, перайшоўшы на высокапаточную аксігенацыю праз насавыя канюлі. Днём патрэба ў высокапаточнай тэрапіі таксама паступова зніжаецца.
Наступны медыцынскі бюлетэнь чакаецца не раней за панядзелак 24 сакавіка 2025 года.
22 сакавіка 2025, 11:43