MAP

Архіепіскап Ціраны, Дурэса і ўсёй Албаніі Ёан Архіепіскап Ціраны, Дурэса і ўсёй Албаніі Ёан 

Францішак віншуе новага Архіепіскапа Албаніі

Святы Айцец накіраваў пасланне Блажэннейшаму Ёану з нагоды яго інтранізацыі на пасаду Архіепіскапа Ціраны, Дурэса і ўсёй Албаніі, падкрэсліваючы важнасць працягу міжрэлігійнага дыялогу і пошуку поўнай еднасці сярод хрысціян.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак выказаў "асаблівую радасць" з нагоды інтранізацыі праваслаўнага іерарха, які стаў пераемнікам Блажэннейшага Анастаса. Пасланне было перададзена 25 сакавіка 2025 года дэлегацыяй Святога Пасада на чале з арцыбіскупам Флавіа Пачэ, сакратаром Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству.

У сваім пасланні Папа аддаў даніну павагі папярэдняму Архіепіскапу Анастасу, "чыё сведчанне хрысціянскага жыцця і апостальская руплівасць пакінулі глыбокую і доўгатэрміновую спадчыну ў Албаніі". Францішак асабліва адзначыў яго адданасць справе мірнага суіснавання людзей, якія належаць да розных Цэркваў і рэлігійных традыцый, і значны ўклад у паляпшэнне адносін паміж хрысціянамі.

Пантыфік выказаў упэўненасць у тым, што Ёан, “ідучы па слядах свайго папярэдніка, будзе працягваць развіваць дыялог як сродак пераадолення падзелаў і спрыяць пошуку поўнай еднасці сярод усіх вучняў Хрыста".

Святы Айцец падкрэсліў асаблівую актуальнасць хрысціянскага адзінства ў сучасным свеце. "У гэтыя складаныя часы, калі свет пакутуе ад войнаў і насілля, хрысціяне павінны яшчэ больш рашуча сведчыць пра еднасць, каб евангельскае пасланне братэрства і міру магло быць прынята ўсім чалавецтвам", - адзначыў Францішак.

У заключэнні свайго паслання Папа выказаў надзею, што пад кіраўніцтвам новага Архіепіскапа адносіны паміж Праваслаўнай Царквой Албаніі і Каталіцкім Касцёлам будуць далей паглыбляцца, “адкрываючы новыя шляхі плённага супрацоўніцтва ў абвяшчэнні Евангелля, дапамозе найбольш патрабуючым і аднаўленні агульнага імкнення пераадолець існуючыя падзелы праз дыялог міласэрнасці і праўды".
 

29 сакавіка 2025, 12:16