Пантыфік узначаліць асноўныя набажэнствы Вялікага посту
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Францішак распачне велікапосны перыяд традыцыйнай цэлебрацыяй Папяльцовай серады 5 сакавіка. Урачыстасці пачнуцца ў касцёле святога Анзэльма, адкуль працэсія накіруецца да базілікі святой Сабіны. Там Святы Айцец узначаліць Імшу з благаслаўленнем і пасыпаннем галоў попелам. Гэтая старажытная традыцыя сімвалізуе пачатак саракадзённага перыяду посту і пакаяння.
Першая нядзеля Вялікага посту, 9 сакавіка, будзе адзначана Эўхарыстыяй на Плошчы Святога Пятра ў межах Юбілейнага года з удзелам валанцёраў з усяго свету.
У той жа дзень увечары Папа распачне штогадовыя духоўныя практыкаванні разам з супрацоўнікамі Рымскай курыі. Яны будуць праходзіць у Зале Паўла VI да 14 сакавіка. Гэты перыяд малітвы і разважанняў з'яўляецца важным момантам духоўнага аднаўлення для Святога Айца і яго бліжэйшых супрацоўнікаў.
Завяршальным акцэнтам велікапоснага перыяду стане Імша 6 красавіка, у Пятую нядзелю Вялікага посту, якая будзе цэлебравацца на Плошчы Святога Пятра з удзелам хворых і работнікаў сферы аховы здароўя ў межах Юбілейнага года.