У Папы Францішка назіраецца станоўчая дынаміка
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Зала Друку Святога Пасада паведаміла пра паляпшэнне стану здароўя Папы, які з 14 лютага 2025 года знаходзіцца ў клініцы Джэмэлі. Медыцынскія паказчыкі сведчаць пра станоўчую дынаміку, хоць урачы па-ранейшаму захоўваюць асцярожнасць у прагнозах.
"Клінічны стан Святога Айца, нягледзячы на ўсю сур'ёзнасць, паказвае лёгкае паляпшэнне. На працягу дня не назіралася эпізодаў астматычнага дыхання, некаторыя лабараторныя паказчыкі палепшыліся", - гаворыцца ў афіцыйным паведамленні.
Медыкі адзначаюць, што лёгкая нырачная недастатковасць не выклікае занепакоенасці. Працягваецца кіслародная тэрапія, але з паніжаным узроўнем падачы кіслароду.
Раніцай 24 лютага 2025 года Пантыфік прыняў Святую Камунію, а пасля абеду вярнуўся да працоўнай дзейнасці. Увечары ён патэлефанаваў пробашчу парафіі ў Газе, каб выказаць сваю айцоўскую падтрымку. Францішак таксама падзякаваў усім вернікам, якія ў гэтыя дні моляцца за яго здароўе.
Медыцынскі персанал, улічваючы складанасць клінічнай карціны, пакуль устрымліваецца ад канчатковых прагнозаў і працягвае пільна сачыць за станам здароўя Пантыфіка.