Папа падрыхтаваў тэкст разважання перад Анёл Панскі са шпіталя
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Паводле інфармацыі, у нядзелю, 23 лютага 2025 года, будзе агучаны тэкст разважання перад малітвай Анёл Панскі, падрыхтаваны Францішкам. Гэта сведчыць пра тое, што, нягледзячы на хваробу, Святы Айцец працягвае выконваць свае духоўныя абавязкі і захоўваць сувязь з вернікамі.
Малітва Анёл Панскі з'яўляецца адной з найстаражытнейшых традыцый Каталіцкага Касцёла. Яна адбываецца штодня ў поўдзень, але асаблівае значэнне мае нядзельная малітва, калі Папа звяртаецца да вернікаў з разважаннем над Евангеллем і благаслаўляе прысутных на Плошчы Святога Пятра.
Традыцыйна Пантыфік праводзіць гэтую малітву з акна Апостальскага палаца, якое выходзіць на Плошчу Святога Пятра. У выпадках, калі ён не можа асабіста прысутнічаць, як у цяперашняй сітуацыі, тэкст разважання зачытваецца іншай асобай або проста публікуецца, але застаецца аўтарскім словам Папы да вернікаў.
Варта адзначыць, што за час свайго пантыфікату Францішак надаў асаблівае значэнне гэтай малітоўнай сустрэчы, выкарыстоўваючы яе як магчымасць для непасрэднага дыялогу з вернікамі і каментавання актуальных падзей у святле Евангелля.