MAP

Аўдыенцыя для настаяцельніц супольнасцей кармелітак босых. Архіўнае фота Аўдыенцыя для настаяцельніц супольнасцей кармелітак босых. Архіўнае фота  (Vatican Media)

Папа павіншаваў кармелітак з 400-годдзем служэння ў Любліне

З нагоды 400-годдзя прысутнасці кармелітак босых у польскім Любліне Францішак скіраваў да іх віншавальны ліст. Ён быў падпісаны 2 лютага 2025 года, у Сусветны дзень кансэкраванага жыцця.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Святы Айцец выказаў глыбокую ўдзячнасць за чатыры стагоддзі малітвы, духоўнай падтрымкі і сведчання веры, якія кармеліткі нясуць не толькі жыхарам Любліншчыны, але і вернікам ва ўсім свеце. “Ваша прысутнасць у Люблінскай архідыяцэзіі – бясцэнны дар”, - цытуе Наступніка святога Пятра інфармацыйнае агенцтва KAI.

Пантыфік адзначыў, што кармеліткі з Любліна заснавалі новыя супольнасці ў Вільні (1638), Львове (1642), Варшаве (1648), Кіеве (1990), Харкаве (1995) і Бэтлееме (2000), што сведчыць пра паўсюдны характар кармеліцкай духоўнасці.

Францішак благаславіў манахінь і ўсіх вернікаў, звязаных з гэтым выключным месцам, пажадаўшы ім духоўнага росту і трываласці ў пакліканні і малітве.

Гісторыя прысутнасці кармелітак босых у Любліне пачалася 1 лістапада 1624 года, калі манахіні з Кракава пасяліліся пры двары Якуба Сабескага, бацькі будучага караля Яна III Сабескага. Падчас расійскага панавання іх кляштар быў скасаваны царскімі ўладамі. У 1966 годзе супольнасць адрадзілася, а ў 1985 годзе быў урачыста асвечаны іх новы кляштар у Дысе, дзе працягваецца 400-гадовая гісторыя.
 

21 лютага 2025, 10:12