Францішак выступіў з відэазваротам на фестывалі ў Санрэма
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Нечаканы відэазварот Францішка прагучаў у тэатры Арыстон падчас першага вечара фестывалю Санрэма-2025. Вядучы і мастацкі дырэктар Карла Конці прадставіў незапланаванае відэапасланне Пантыфіка, запісанае ў яго апартаментах у Доме Святой Марты.
"Музыка – гэта прыгажосць, музыка – гэта інструмент міру. Гэта мова, на якой гавораць усе народы, і яна дасягае сэрца кожнага. Музыка можа дапамагчы суіснаванню народаў", - падкрэсліў Святы Айцец.
Папа падзяліўся асабістымі ўспамінамі пра сваю маці Рэгіну Марыю, якая тлумачыла яму сэнс оперных арый і вучыла разумець гармонію і пасланні, якія нясе музыка. Ён таксама ўзгадаў Сусветны дзень дзяцей, які адзначаўся ў маі 2024 года на Алімпійскім стадыёне ў Рыме.
Асаблівую ўвагу Пантыфік звярнуў на дзяцей, якія не могуць спяваць і пакутуюць ад несправядлівасці і канфліктаў у свеце. Пасля звароту Францішка на сцэне выступілі ізраільская спявачка Ноа і палесцінская выканаўца Міра Авад, якія праспявалі Imagine Джона Ленана на іўрыце, арабскай і англійскай мовах.
Карла Конці падзякаваў Папу за яго ўдзел і адзначыў, што напісаў Пантыфіку з просьбай падтрымаць момант, прысвечаны міру. Публіка ў тэатры Арыстон сустрэла словы Францішка стоячы, з працяглымі апладысментамі.