Папа ў шпіталі: адмененыя бліжэйшыя мерапрыемствы
Адмены шэрагу мерапрыемстваў з удзелам Папы ў сувязі з яго шпіталізацыяй. У прыватнасці, не адбудзецца юбілейная аўдыенцыя, якая была запланавана на 15 лютага 2025 года.
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Святую Імшу з нагоды Юбілею дзеячаў мастацтва і культуры, якая павінна была адбыцца 16 лютага 2025 года, узначаліць кардынал Жазэ Таленціна дэ Мендонса, прэфект Дыкастэрыі па культуры і адукацыі. Пра гэта Зала Друку Апостальскай Сталіцы паведаміла 14 лютага 2025 года.
Таксама адменена шырока анансаваная сустрэча Святога Айца з дзеячамі мастацтва, якая планавалася на панядзелак 17 лютага 2025 года ў італьянскай кінастудыі Чынэчыта.
Зала Друку не падае дадатковай інфармацыі пра стан здароўя Папы і тэрміны яго знаходжання ў медыцынскай установе. Варта адзначыць, што гэта не першы выпадак, калі Францішка шпіталізуюць у клініку Джэмэлі.
14 лютага 2025, 13:24