MAP

Францішак дыяканам: нясіце ў свет прабачэнне, бескарыслівасць і адзінства

Свет, у якім пануе толькі нянавісць да сапернікаў – гэта свет без надзеі і будучыні, асуджаны на бясконцыя войны, падзелы і помсту, - гаворыцца ў папскай гаміліі, прачытанай падчас святой Імшы на заканчэнне Юбілею дыяканаў.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

23 лютага 2024 года ў Базіліцы Святога Пятра прайшла ўрачыстая эўхарыстычная цэлебрацыя, якую замест Папы, шпіталізаванага з двухбаковым запаленнем лёгкіх, узначаліў арцыбіскуп Рына Фізікела, прапрэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі. Падчас Імшы ён удзяліў пасвячэнне ў дыяканат 23 кандыдатам. Іерарх заклікаў да малітвы за здароўе Святога Айца і прачытаў гамілію, падрыхтаваную ім. 

Абвяшчаць прабачэнне

Францішак назваў фундаментальным заданнем дыяканаў “абвяшчэнне прабачэння”, якое адпаведае закліку Хрыста: “Любіце ворагаў вашых” (Лк 6,27). “Каб расці разам, падзяляючы святло і цені, поспехі і няўдачы адзін аднаго, неабходна ўмець дараваць і прасіць прабачэння, аднаўляючы адносіны і не выключаючы з нашай любові нават тых, хто наносіць нам удары і здраджвае. Свет, у якім пануе толькі нянавісць да сапернікаў – гэта свет без надзеі і будучыні, асуджаны на бясконцыя войны, падзелы і помсту. На жаль, мы назіраем гэта і сёння, на многіх узроўнях і ў розных частках свету”, - падкрэсліў Папа.

Пантыфік прывёў прыклады прабачэння: Давід, які праяўляў лаяльнасць і любоў да караля Саўла, што пераследаваў яго; першы мучанік святы Стэфан — дыякан, які памёр, прабачаючы сваіх забойцаў; а таксама сам Езус, які, аддаючы жыццё на крыжы, маліўся за сваіх катаў і адчыніў добраму злодзею браму на Неба.

Дыякан – гэта той, хто служыць

Папа заклікаў дыяканаў браць прыклад з Хрыста, які сказаў пра сябе: “Я сярод вас як той, хто служыць” (Лк 22,27). “Браты дыяканы, бескарыслівая праца, якую выконваеце як выраз вашага пасвячэння любові Хрыста, з’яўляецца для вас першым абвяшчэннем Божага слова, крыніцай даверу і радасці для тых, хто вас сустракае”, - напісаў Святы Айцец, заклікаўшы адрасатаў свайго паслання служыць з усмешкай, без нараканняў і пошуку прызнання, падтрымліваючы адзін аднаго.

“Няхай ваша супольная і велікадушная дзейнасць становіцца мостам, які лучыць алтар з вуліцай, Эўхарыстыю – са штодзённым жыццём людзей. Няхай любоў будзе вашай найпрыгажэйшай літургіяй, а літургія – вашым найпакорнейшым служэннем”, - пажадаў Пантыфік.

Наш скарб – бедныя

Францішак падкрэсліў, што бескарыслівае служэнне дыяканаў стварае адзінства паміж людзьмі, асабліва з самымі беднымі, якія, паводле слоў святога Лаўрэнція, з’яўляюцца “скарбам” Касцёла.

“Адзінства будуецца такім чынам: кажучы брату і сястры словамі, а перадусім уласнымі ўчынкамі, асабіста і як супольнасць: “Ты для нас важны, мы любім цябе і хочам, каб ты ўдзельнічаў у нашым шляху і жыцці”, - напісаў Святы Айцец, адзначыўшы, што місія дыяканаў з’яўляецца адной з найцудоўнешых праяў сінадальнага Касцёла, які выходзіць насустрач людзям.
 

23 лютага 2025, 10:17