Францішак у шпіталі: ноч прайшла добра
Зала Друку Апостальскай Сталіцы паведаміла, што ноч для Святога Айца прайшла спакойна. Пантыфік працягвае лячэнне ў сувязі з двухбаковым запаленнем лёгкіх.
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Ноч прайшла добра. Папа выспаўся і адпачывае”, - гаворыцца ў кароткім ранішнім паведамленні, апублікаваным 24 лютага 2025 года ў 8.18 па цэнтральнаеўрапейскім часе.
Напярэдадні паведамлялася пра сур’ёзны стан здароўя Францішка. 22 лютага ў яго здарыўся рэспіраторны крызіс, у сувязі з чым узнікла неабходнасць правядзення кіслароднай тэрапіі з высокім патокам праз назальныя катэтары. Акрамя таго, аналізы крыві паказалі пачатковую лёгкую нырачную недастатковасць, якая на дадзены момант знаходзіцца пад кантролем.
Папа застаецца ў прытомнасці і добра арыентуецца. Улічваючы складанасць клінічнай карціны і неабходнасць часу для дзеяння лекавай тэрапіі, прагноз застаецца няпэўным.
24 лютага 2025, 08:45