MAP

Францішак з Раберта Беніньі Францішак з Раберта Беніньі 

Ад Галівуда да Чынэчыта: Папы і свет кінамастацтва

17 лютага 2025 года Папа ўпершыню наведае рымскія кінастудыі, працягваючы шматгадовую традыцыю дыялогу паміж Касцёлам і светам кінамастацтва.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Візіт Францішка ў Чынэчыта стане знакавай падзеяй у гісторыі ўзаемаадносін паміж Касцёлам і кінаіндустрыяй. Сустрэча, арганізаваная сумесна з рымскім горадам кіно і італьянскім міністэрствам культуры, адбудзецца ў межах Юбілейнага года творцаў і дзеячаў культуры.

Гістарычныя сувязі паміж Папамі і кінематографам маюць глыбокія карані. Як паведамляюць ватыканскія крыніцы, яшчэ ў 1944 годзе будучы Папа Павел VI, тады мансеньёр Джавані Батыста Манціні, наведаў здымкі фільма Брама нябёсаў Віторыа Дэ Сіка.

Пій XII з Віторыа Дэ Сіка
Пій XII з Віторыа Дэ Сіка

Асаблівае месца ў гісторыі гэтых адносін займае візіт святога Яна Паўла II у Галівуд 15 верасня 1987 года. "Кіно валодае выключнай здольнасцю ўплываць на думкі і паводзіны людзей", - падкрэсліў тады Папа падчас прамовы ў Registry Hotel у Лос-Анджэлесе, дзе сабралася больш за 1200 прадстаўнікоў амерыканскай кіна- і медыяіндустрыі.

Францішак з Анджалінай Джалі
Францішак з Анджалінай Джалі

Францішак таксама падтрымлівае актыўны дыялог з кінематаграфістамі. Сярод яго сустрэч – размовы з Анджалінай Джалі, Роберта Беніньі і Марцінам Скарсэзэ. Асаблівай увагі заслугоўвае супрацоўніцтва з Вімам Вендэрсам, рэжысёрам дакументальнага фільма Францішак – чалавек свайго слова.

Францішак к Марцінам Скарсэзэ
Францішак к Марцінам Скарсэзэ

Чаканы візіт у Чынэчыта, дзе знакаміты Федэрыка Феліні здымаў свае шэдэўры, абяцае стаць новым этапам у дыялогу паміж Касцёлам і светам мастацтва, падкрэсліваючы важнасць культурнага абмену і ўзаемаразумення.

07 лютага 2025, 10:42