Пантыфік падзякаваў арганізатарам рымскай выставы Шагала
11 студзеня 2025 года Святы Айцец наведаў сядзібу дабрачыннага аб'яднання “Fondazione Roma”, размешчанага ў гістарычным Палаца Шара-Калона на Вія дэль Корса.
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Падчас візіту Пантыфік асвяціў невялікую капліцу ў гэтым будынку і падзякаваў кіраўніцтву і супрацоўнікам арганізацыі за іх гуманітарныя праекты. Ён падкрэсліў важнасць бескарыслівасці ва ўсіх сферах, асабліва ў галіне культуры.
Fondazione Roma рэалізуе шматлікія дабрачынныя ініцыятывы ў розных краінах свету. З нагоды Юбілею 2025 года фонд дапамог арганізаваць у Рыме бясплатную выставу карціны Марка Шагала Белае ўкрыжаванне. Францішак наведаў яе 9 снежня 2024 года.
Дабрачынная арганізацыя прадставіла Святому Айцу свае гуманітарныя праекты, якія былі рэалізаваны ў Аргенціне, Тога, Украіне, Ліване і Палесціне ў супрацоўніцтве з мясцовымі Касцёламі, Caritas, Рымскай дыяцэзіяй і іншымі ўстановамі.
12 студзеня 2025, 11:40