Францішак: чытайце Евангелле і маліцеся за Украіну
“Гэта ІІІ Звычайная нядзеля асаблівым чынам прысвечана Божаму слову, таму мы з захапленнем па-новаму адкрываем для сябе той факт, што Бог прамаўляе да нас, асабліва праз Святое Пісанне”, - адзначыў Папа.
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Францішак заахвоціў вернікаў чытаць Біблію, вывучаць яе, разважаць над ёй, маліцца яе словамі. “Давайце кожны дзень чытаць урывак з Бібліі, асабліва з Евангелля: там Езус прамаўляе да нас, прасвятляе нас, вядзе нас”, - звярнуўся ён да сабраных 22 студзеня 2023 года на плошчы святога Пятра.
Папа папрасіў вернікаў насіць з сабой “кішэннае Евангелле”, і калі з’явіцца хвіліна на працягу дня, чытаць невялікі ўрывак. Святое Пісанне, якое мы носім з сабой, – гэта “Езус, Які суправаджае нас”, - заўважыў Пантыфік.
Святы Айцец нагадаў пра Тыдзень малітваў аб адзінстве хрысціян і папрасіў не забывацца прасіць Бога аб міры ва Украіне. “Няхай Пан суцешыць і падтрымае народ, якія так пакутуе!” - маліўся ён.
22 студзеня 2023, 12:55