Пантыфік: дэмакратыя несумяшчальная з голадам
2 кастрычніка 2021 г. Папа скіраваў відэапасланне да аргентынскіх юрыстаў, якія ўваходзяць у Панамерыканскі камітэт суддзяў па сацыяльных правах і прымалі ўдзел у анлайн-сустрэчы на тэму сацыяльных правоў у Аргентыне.
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“Не забывайце ніколі, што пры голадзе не можа быць дэмакратыі, пры беднасці няма развіцця, а пры няроўнасці справядлівасці становіцца менш”, - падкрэсліў Святы Айцец, нагадваючы, што ва ўмовах пандэміі мільёны людзей патрабуюць неадкладных “крэатыўных і дзейсных адказаў”.
Пантыфік нагадаў пра павелічэнне няроўнасці ў размеркаванні дабротаў, што ўплывае на пашырэнне беднасці і несправядлівасці ў грамадстве. “Растуць ускраіны, а цэнтр улады і багацця пастаянна звужаецца”, - дадаў ён.
Францішак нагадаў юрыстам, што “прыярытэтным абавязкам дзяржавы з’яўляецца шчасце людзей”, таму ў першую чаргу неабходна звяртаць увагу на тэрміновыя патрэбы людзей, а менавіта – іх дому, зямлі і працы.
02 кастрычніка 2021, 18:05