Паштовыя маркі Ватыкана ўшануюць новых святых
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
На марцы намінальнай вартасцю 1,35 еўра, прысвечанай П'еру Джорджа Фрасаці, будзе змешчана рэпрадукцыя партрэта маладога святога пэндзля Альбэрта Фалькеці. Гэты абраз знаходзіцца ў сямейных зборах Фрасаці і з'яўляецца адным з самых папулярных выяў "чалавека васьмі благаслаўленняў", як называў маладога турынца святы Ян Павел II. Памятны штэмпель, які будзе даступны ў паштовых аддзяленнях Ватыкана 7 і 8 верасня 2025 года, змяшчае рэпрадукцыю аўтографа выразу "Verso l'alto" ("Да вышыні") і подпіс будучага святога.
Марка, прысвечаная кананізацыі благаслаўлёнага Карла Акуціса, таксама намінальнай вартасцю 1,35 еўра, паказвае выяву будучага святога, якая з'яўляецца копіяй фотаздымка, зробленага падчас экскурсіі на Монтэ Субазіа – месца, блізкае падлетку, размешчанае непадалёк ад Асізі. Графіка, натхнёная гэтым здымкам, была выкарыстана на штэмпелі, які будзе даступны 7 і 8 верасня 2025 года.
Астатнія паштовыя маркі, якія ўвойдуць у абарачэнне 7 верасня 2025 года, былі выдадзены з нагоды 75-годдзя абвяшчэння догмату аб Унебаўзяцці Найсвяцейшай Панны Марыі, 600-годдзя стварэння Каталіцкага ўніверсітэта ў Лёвене і 550-годдзя нараджэння Мікеланджэла.
Памятныя маркі таксама ўшануюць сведку надзеі святога Карла дэ Фуко і адзначаны ў гэтым годзе па ініцыятыве ААН Міжнародны год аховы леднікоў, які ўпісваецца ў ідэі, прапанаваныя Касцёлу і свету Папам Францішкам у апублікаванай 10 гадоў таму энцыкліцы “Laudato si’”.