Рым: людзі ў патрэбе аб'яднаюцца ў малітве за спыненне войнаў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У суботу, 6 верасня 2025 года, у “Венгерскай капліцы” у падзямеллях Базілікі Святога Пятра ў Ватыкане адбудзецца Эўхарыстыя, падчас якой людзі ў патрэбе з Рыма будуць маліцца за мір у Святой Зямлі, Украіне і ўсіх месцах, дзе дзеці, жанчыны і мужчыны пакутуюць ад насілля і несправядлівасці.
"Забараняецца дапускаць у Газу харчовую і санітарную дапамогу для жыхароў. Але нішто і ніхто не можа перашкодзіць, каб туды дайшла наша салідарнасць і наша малітва", - гэтыя кранальныя словы былі апублікаваны ў газеце "L'Osservatore di strada", што з'яўляецца голасам людзей, якія звычайна не маюць голасу, і паказвае свет вачыма патрабуючых. Выданне выступіла з ініцыятывай правядзення набажэнства ў супрацоўніцтве з дзвюма парафіямі.
Святая Імша пачнецца ў 14.30 і аб'яднае людзей, якія, нягледзячы на ўласныя цяжкасці, імкнуцца выказаць салідарнасць з ахвярамі канфліктаў у розных частках свету праз малітву.
Газета "L'Osservatore di strada", якая выдаецца з 2022 года, з'яўляецца часткай ватыканскай газеты "L'Osservatore Romano" і выходзіць у кожную першую нядзелю месяца як у электроннай, так і ў папяровай форме. Яе асаблівасцю з'яўляецца тое, што яна рыхтуецца сумесна з патрабуючымі людзьмі. Выданне распаўсюджваецца бясплатна пасля нядзельнай малітвы "Анёл Панскі" з Папам на Плошчы Святога Пятра, а яе фінансаванне адбываецца з ахвяраванняў.
Ініцыятыва малітвы за мір падкрэслівае важнасць духоўнай салідарнасці з пацярпелымі ад канфліктаў і з'яўляецца сведчаннем таго, што нават самыя ўразлівыя члены грамадства могуць унесці свой уклад у справу міру праз малітву.