MAP

2023.05.27   tydzien belarus

Тыдзень у Беларусі – важнае

Пакаянне за Беларусь, візіт Нунцыя, парафіяльныя Дажынкі – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Рэкалекцыі пакаяння за Беларусь праходзяць у Навагрудку. На адмысловую малітву 5-7 верасня 2025 года пры парафіі святога Міхала Арханёла запрасілі вернікаў, святароў і манаскіх асобаў. Сустрэча пачалася ў пятніцу святой Імшой, якую ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Далей у праграме – канферэнцыя аб патрэбе ўміласціўлення Богу за грахі, Крыжовы шлях пакаяння вуліцамі Навагрудка. Таксама запланаваныя ўсяночныя адарацыі, пілігрымка пакаяння да Маці Божай Новага Жыцця ва Уселюб, іншыя пакутныя набажэнствы.

Апостальскі нунцый наведаў парафію ў Стоўбцах. 31 жніўня 2025 года, у першую гадавіну кансэкрацыі касцёла святога Казіміра, мясцовыя парафіяне прымалі арцыбіскупа Іньяцыё Чэффаліа, які ўзначаліў святую Імшу. У гаміліі ён засяродзіўся на тэме пакоры і падкрэсліў, што яна "павінна быць краевугольным каменем у асвечаным касцёле". Іерарх пажадаў парафіянам імкнення самім быць святым месцам, святыняй Духа Святога, жывой супольнасцю.

Новы навучальны год сустрэлі ў Гродне разам з арцыбіскупам Юзафам Станеўскім. 31 жніўня 2025 года ў парафіі Святога Духа Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі цэлебраваў святую Імшу, удзяліў благаслаўленне дзецям і паблагаславіў школьныя прылады. У гаміліі арцыбіскуп звярнуўся да дзяцей, моладзі і дарослых, нагадаўшы, што атрыманне ведаў – не толькі шлях асабістага развіцця, але і ўнёсак у будучыню грамадства. Ён падкрэсліў, што адукацыя фармуе сталую асобу, здольную адказна служыць бліжнім і Айчыне.

Парафіяльныя Дажынкі прайшлі ў Лідскім раёне з удзелам біскупа. Генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі біскуп Андрэй Зноска цэлебраваў святую Імшу з гэтай нагоды 31 жніўня 2025 года ў вёсцы Ваверка. Тут у касцёле сабраліся працаўнікі сельскай гаспадаркі, у тым ліку кіраўнікі прадпрыемстваў, фермеры, старшыня сельсавета, працаўнікі культуры. У гаміліі біскуп выказаў пашану тым, хто працуе на зямлі і адзначыў, што марыць, каб дзеці з беларускіх вёсак заставаліся тут жыць: "Я бачу ў марах, як наступае час, калі дзяржавы будуць хваліцца не новымі ракетамі і танкамі, а тым, якія ільготы і якія спрыяльныя ўмовы яны ствараюць, каб маладое пакаленне выбірала працу на зямлі сваіх продкаў".

Дзяржаўная ўстанова ўручыла падзяку каталіцкаму святару. У сярэдняй школе ў Варнянах выступіць на Дзень ведаў 1 верасня 2025 года запрасілі пробашча мясцовай парафіі ксяндза Віктара Захарэўскага і ўручылі яму афіцыйны Падзячны ліст. Як адзначаецца ў дакуменце, школа выказвае падзяку святару "за духоўную падтрымку, супольную малітву, адкрытасць да супрацоўніцтва".

Віцебскі Caritas дапамог хоспісу. Дыяцэзіяльная дабрачынная каталіцкая місія перадала віцебскаму хоспісу тысячу стомаў, а таксама сродкі гігіены для людзей, якія перажылі выдаленне прамой кішкі. Дапамога стала магчымай дзякуючы ахвяраванню ксяндза Кшыштафа Сілкоўскага, шматгадовага душпастыра ў Віцебскай дыяцэзіі. Супрацоўнікі хоспіса і дырэктар Віцебскага Caritas ксёндз Віктар Місевіч дамовіліся аб далейшым супрацоўніцтве дзеля дапамогі тым, хто ў патрэбе.

Падрыхтавана паводле catholicnews.by, grodnensis.by і ўласнай інфармацыі.
 

06 верасня 2025, 09:08