MAP

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (@Vatican Media)

Курсы для біскупаў: празрыстасць у “місіянерскіх фінансах”

Нядаўна прызначаныя біскупы на курсах у Рыме абмеркавалі прынцыпы празрыстага кіравання фінансавымі рэсурсамі і неабходнасць супрацоўніцтва на карысць місіянерскай працы.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Падчас фармацыйных курсаў для новых біскупаў 9 верасня 2025 года ў Папскім Урбаніянскім універсітэце асноўная ўвага была нададзена сучасным выклікам у кіраванні касцельнымі рэсурсамі для місійнай дзейнасці, паведамляе агенцтва “Fides”.

Празрыстасць як прыярытэт

Прадстаўнікі Дыкастэрыі па евангелізацыі падкрэслілі, што ў апошнія гады Святы Пасад правёў значныя рэформы ў кіраванні фінансамі, уключаючы ўзмацненне кантролю і павышэнне празрыстасці. Біскупам растлумачылі неабходнасць рэгулярнага інфармавання ахвярадаўцаў пра выкарыстанне сабраных сродкаў і рэалізаваныя праекты.

Асаблівую ўвагу надалі механізмам узаемадзеяння паміж рознымі ўзроўнямі касцельнай структуры – ад мясцовых парафій да Святога Пасада. Падкрэслівалася, што эфектыўная місіянерская праца магчымая толькі пры поўным супрацоўніцтве асобных біскупаў, нацыянальных епіскапатаў і дыяцэзіяльных каардынатараў.

Супольная адказнасць за місію

Удзельнікам курсаў нагадалі, што кожны біскуп нясе адказнасць не толькі за сваю дыяцэзію, але і за ўсеагульную місію Касцёла. Гэта патрабуе балансу паміж мясцовымі патрэбамі і падтрымкай евангелізацыі ў рэгіёнах, дзе Касцёл толькі развіваецца.

Папскія місійныя ініцыятывы былі прадстаўлены як прыклад эфектыўнай сеткі, якая аб'ядноўвае 120 краін у агульнай місіянерскай працы. Папа Леў XIV 22 мая 2025 года назваў іх "галоўным сродкам" для развіцця місіянерскай свядомасці сярод вернікаў.

Біскупам таксама нагадалі пра важнасць устойлівасці ў размеркаванні рэсурсаў і неабходнасць дапамагаць “маладым” Касцёлам дасягнуць самадастатковасці, а не ствараць пастаянную залежнасць ад знешняй дапамогі.
 

11 верасня 2025, 09:59