MAP

Кардынал Крэшчэнца Сэпэ Кардынал Крэшчэнца Сэпэ  (ANSA)

Пасланнік Папы прывязе словы надзеі ў Львоў

Святы Пасад апублікаваў тэкст паслання Льва XIV да свайго легата, кардынала Крэшчэнца Сэпэ, на святкаванне 650-годдзя Галіцкай мітраполіі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У сваім лісце, падпісаным 6 жніўня 2025 года, у свята Перамянення Пана, Папа звяртаецца да гістарычнага значэння юбілею, падкрэсліваючы словы Папы Грыгорыя XI, які ў 1375 годзе праз апостальскую канстытуцыю "Debitum pastoralis officii" узвёў Галіцкую касцельную акругу да годнасці мітраполіі.

Святы Айцец адзначае, што цяперашняя Львоўская архідыяцэзія з'яўляецца "сапраўдным спадкаемцам" гістарычнай Галіцкай мітраполіі, і менавіта арцыбіскуп-мітрапаліт Мечыслаў Макшыцкі звярнуўся з просьбай прызначыць папскага прадстаўніка на юбілейныя ўрачыстасці.

Леў XIV у сваім пасланні да кардынала Сэпэ даручае яму перадаць "духоўную любоў і блізкасць" Пантыфіка “ў гэты надзвычай цяжкі час, у якім знаходзіцца Украіна" ўсім хрысціянскім вернікам і людзям добрай волі, што збяруцца на ўрачыстасці.

"Заклікай усіх да больш старанага захоўвання запаведзі любові як у сем'ях, так і ў грамадскіх адносінах, а таксама да культывавання жывой хрысціянскай надзеі ў штодзённым жыцці і, нарэшце, да старанных малітваў аб жаданым Богам дары міру", - піша Святы Айцец, вызначаючы асноўныя акцэнты місіі свайго прадстаўніка.

Папа Леў XIV даручае паездку кардынала Сэпэ ва Украіну "магутнаму заступніцтву Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Касцёла, а таксама шматлікіх святых і благаслаўлёных гэтай зямлі".

У заключнай частцы паслання Пантыфік удзяляе апостальскае благаслаўленне, якое просіць перадаць "біскупам абодвух абрадаў, святарам, манахам, вернікам, грамадзянскім уладам і ўсім удзельнікам юбілейных урачыстасцей", якія адбудуцца 6 верасня 2025 года ў Архікатэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Львове, дзе кардынал Сэпэ будзе старшыняваць святочнай Эўхарыстыі ад імя Папы.
 

01 верасня 2025, 12:05