MAP

Новы баптыстэрый у парыжскім саборы Нотр-Дам, створаны французскім мастаком і дызайнерам Гіёмам Бардэ Новы баптыстэрый у парыжскім саборы Нотр-Дам, створаны французскім мастаком і дызайнерам Гіёмам Бардэ  (AFP or licensors)

Выклік поспеху: як Францыя спраўляецца з ростам навяртанняў

Дыяцэзіі парыжскага рэгіёна рыхтуюцца да правінцыяльнага касцельнага сходу, прысвечанага імкліваму росту навяртанняў на каталіцызм у Францыі за апошнія гады.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

"Няма парафіі без неафітаў ці людзей, што рыхтуюцца да хросту. Ніхто не можа сказаць: нас гэта не датычыцца", - падкрэслівае ксёндз Максіміліян дэ Ля Марцін'ер, пробашч з Версаля, прызначаны сакратаром гэтага сходу прызначаны. У інтэрв'ю тыднёвіку "Famille Chrétienne" ён адзначае, што нягледзячы на адсутнасць канчатковых дэталяў арганізацыі, ужо адчуваецца энтузіязм, бо тэма сходу відавочна пазітыўная.

У французскай традыцыі правінцыяльны сход называецца “сінодам”, што надае яму асаблівую значнасць у вачах вернікаў.

Касцельны сход павінен выпрацаваць стратэгіі, як эфектыўна прымаць новых вернікаў, належна рыхтаваць іх да сакрамэнтаў, інтэграваць у парафіі і суправаджаць у першыя гады хрысціянскага жыцця. У парыжскім рэгіёне на мінулы Вялікдзень ахрысцілі 2 652 дарослых, а ўсяго ў Францыі – больш за 10 тысяч дарослых і 7 400 дзяцей і падлеткаў.

Удзельнікамі сходу стануць не толькі духоўныя асобы, але і свецкія, што працуюць з катэхуменамі, а таксама новаахрышчаныя і прадстаўнікі каталіцкіх школ, бо многія маладыя людзі знаходзяць веру менавіта праз каталіцкую адукацыю.

Касцельны сход адкрыецца 31 мая 2026 года ў катэдры Нотр-Дам у Парыжы, пройдзе ў тры сесіі і завершыцца ў лістападзе 2027 года. Яму будуць папярэднічаць кансультацыі ва ўсіх парафіях васьмі дыяцэзій рэгіёна. У сходзе возьмуць удзел да 500 дэлегатаў. Арганізатары чакаюць, што яго вынікі будуць зацверджаны Апостальскай Сталіцай.
 

04 верасня 2025, 10:24