Папскі легат у Львове на 650-годдзі Галіцкай мітраполіі
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Арцыбіскуп Неапаля на пенсіі прадстаўляе Льва XIV на святкаванні юбілею гістарычнай Галіцкай мітраполіі, спадкаемніцай якой з’яўляецца цяперашняя Львоўская архідыяцэзія.
6 верасня 2025 года італьянскі іерарх узначаліў святую Імшу ў львоўскім катэдральным касцёле Ўнебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Ён нагадаў пра багатую гісторыю архідыяцэзіі, а таксама закрануў драматычную сітуацыю вайны ва Украіне.
“На працягу стагоддзяў Львоў быў месцам сустрэчы культур і веравызнанняў. Палякі, украінцы, армяне і яўрэі жылі побач у гармоніі і згодзе. І менавіта ў гэтым адзінстве народаў і культур сфармавалася хрысціянская спадчына, якая натхняла, вяла да дыялогу і ўмацоўвала супольнасць Паўсюднага Касцёла. Магчыма, менавіта таму Мітраполія перажыла і ўзлёты, і падзенні: час Рэфармацыі, перыяд радзелаў, Другую сусветную вайну, камунізм, заўсёды знаходзячы нанова сваю місію і становячыся святлом надзеі”, - сказаў кардынал Сэпэ.
Папскі легат згадаў мясцовых святароў, кансэкраваных асоб і свецкіх вернікаў, якія сваёй верай, служэннем і любоўю да бліжняга сведчылі пра Бога ў свеце, а таксама клапаціліся пра захаванне і перадачу веры ў часы пераследу. Кардынал Сэпэ пажадаў, каб супольнасць Львоўскай архідыяцэзіі працягвала будаваць Касцёл, адкрыты на патрэбы бедных, моцны ў адзінстве, багаты на ідэнтычнасці і гатовы да дыялогу і прабачэння.
“Гісторыя Львоўскай мітраполіі пераплятаецца з драмай сучаснасці. Вайна, якая працягваецца, пакідае балючы след у жыцці людзей: бежанцаў, параненых, адчайных, пакутуючых, загінулых”, - сказаў іерарх, выказваючы падзяку мясцовым вернікам за іх “нязменную адданасць, за сведчанне веры, надзеі і любові”.
“Дзякуй за вашыя адкрытыя сэрцы і канкрэтныя дзеянні для тых, хто знаходзіцца ў найбольшай патрэбе. Ваша служэнне – гэта праява міласэрнасці Хрыста”, – падкрэсліў кардынал Сэпэ.