Папа Касцёлу ў Скандынавіі: развіваць экуменізм і місіянерства
Ян Глінскі
Святы Айцец прыняў членаў Канферэнцыі Біскупаў Скандынавіі на аўдыенцыі на заканчэнне іх пленарнага пасяджэння, якое 1-5 верасня 2025 года прайшло ў Рыме.
У паведамленні епіскапату адзначаецца, што Пантыфік заклікаў яго членаў працягваць паглыбляць экуменічныя адносіны. Ён падкрэсліў, што радасць і жывая вера Касцёла ў Скандынавіі – гэта дар для ўсёй вялікай каталіцкай супольнасці. “Касцёл павінен быць місіянерскім і станавіцца ўсё больш місіянерскім”, - заўважыў Папа.
Падчас рымскага пасяджэння біскупы скандынаўскіх краін размаўлялі пра святасць, мужнасць і важнасць хрысціянскага сведчання ў свеце, пазначаным вайной, фрагментацыяй і маральнай нявызначанасцю.
Адносна вайны на Блізкім Усходзе, іерархі ў еднасці Папам спадзяюцца і патрабуюць “вызвалення ўсіх заложнікаў, тэрміновага дасягнення трывалага спынення агню, садзейнічання бяспечнай дастаўцы гуманітарнай дапамогі ў найбольш пацярпелыя раёны і поўнага выканання міжнароднага гуманітарнага права”, - гаворыцца ў паведамленні. 14 верасня, у свята Узвышэння Святога Крыжа, у скандынаўскіх краінах будуць маліцца за сапраўдны, справядлівы і трывалы мір на Святой Зямлі.
Члены епіскапата заявілі аб стварэнні Скандынаўскай каардынацыйнай рады (Сінадальнай групы) для спрыяння рэалізацыі рашэнняў Сінода Біскупаў у сваіх краінах. Як адзначыў біскуп Эрык Вардэн, старшыня Канферэнцыі Біскупаў Скандынавіі, “эфектыўныя сінадальныя структуры ўжо існуюць у скандынаўскім кантэксце і плённа ўкараняюцца”.
У склад Канферэнцыі Біскупаў Скандынавіі уваходзяць каталіцкія біскупы з краін Паўночнай Еўропы (Швецыі, Даніі, Нарвегіі, Фінляндыі і Ісландыі). Задачы аб’яднання ўключаюць падтрымку душпастырскай працы ў рэгіёне, каардынацыю касцельнай дзейнасці ў дыяцэзіях, садзейнічанне сумеснаму прыняццю рашэнняў на рэгіянальным узроўні, кантактам з Каталіцкім Касцёлам у Еўропе і ва ўсім свеце. На сёння Канферэнцыя Біскупаў Скандынавіі складаецца з васьмі членаў, якія разам прадстаўляюць сем каталіцкіх дыяцэзій і прэлатур у паўночнай Еўропе.