Кардынал Шонбарн: Усходнія Цэрквы поўныя сведкаў веры
Ян Глінскі
Удзельнікі форума сабраліся ў сталіцы Аўстрыі па запрашэнні кардынала Крыстафа Шонбарна, ардынарыя Усходніх Каталіцкіх Цэркваў у гэтай краіне. Падчас асамблеі арцыбіскуп-эмерыт Венскай архідыяцэзіі ўказаў на той факт, што Усходнія Цэрквы праз свае разнастайныя абрады і традыцыі ўзбагачаюць мясцовыя Касцёлы. “Вашыя Цэрквы поўныя сведкаў веры”, - падкрэсліў іерарх, нагадаўшы аб трагічных падзеях ХХ стагоддзя, а таксама нядаўняга мінулага.
У прамове да больш чым 60 іерархаў кардынал Шонбарн адзначыў, што адзінства Цэркваў можа спрыяць умацаванню Еўропы, міру і прымірэнню. “Мы пакліканы ўсё больш спрыяць імкненню да еднасці ў нашай павазе да разнастайнасці, асабліва ў часы палітычнай, сацыяльнай і грамадскай напружанасці і падзелаў у Еўропе”, - заявіў аўстрыйскі іерарх.
Апостальскі адміністратар Вены, айцец Ёзаф Грунвідль, згадаў пра даўнюю традыцыю дыялогу паміж рознымі Цэрквамі ў Вене. Ён выказаў перакананне, што Касцёл у Вене можа шмат чаму навучыцца ад Усходніх Цэркваў, асабліва ў практыцы сінадальнасці.
Галоўную частку сустрэчы біскупаў адкрыў кардынал Клаўдыё Гуджэроці, прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў. У сваім выступе ён закрануў ключавыя праблемы ў экуменічных адносінах паміж Каталіцкім Касцёлам і праваслаўем. Як сцвердзіў ватыканскі іерарх, значны ўплыў на экуменізм аказваюць, між іншым, шматлікія ўнутрыправаслаўныя канфлікты.
Прэфект звярнуў таксама ўвагу на напружанасць унутры асобных Усходніх Цэркваў, напрыклад, паміж патрыярхамі і сінодамі, асабліва на Блізкім Усходзе. У першую чаргу з-за драматычных гістарычных і палітычных абставін многія патрыярхі сталі хутчэй свецкімі, чым духоўнымі лідарамі этнічных груп, якія яны прадстаўляюць, зазначыў іерарх.
Кардынал Гуджэроці ўказаў і на недастатковую сінадальнасць ва Усходніх Цэрквах, калі некаторыя сіноды звяртаюцца непасрэдна да Папы, што выклікае раздражненне асобных патрыярхаў. Паводле слоў прэфекта, уражвае тое, што гэтыя канфлікты матываваныя не столькі тэалагічнымі меркаваннямі, колькі фінансавымі, эканамічнымі ці палітычнымі фактарамі.